МАЛАДЫЯ ПАЛІТЫКІ ЗЬ БЕЛАРУСІ СУСТРЭЛІСЯ З ЧЭСКІМІ ПАРЛЯМЭНТАРАМІ Ў ПРАЗЕ

Віталь Тарас, Прага

У Прагу на запрашэньне Маладых кансэрватарў Чэхіі прыехалі звыш сарака актывістаў Маладога Фронту, моладзевага руху “Зубр” і моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У складзе дэлегацыі таксама сустаршыня АГП, дэпутат Вярхоўнага савету Беларусі 13-га скліканьня Аляксандар Дабравольскі.

Празь месяц у Чэхіі адбудуцца парлямэнцкія выбары. Таму тэмай сёньняшняй сустрэчы з дэпутатамі парлямэнту быў удзел палітычных партыяў у выбарчай кампаніі. Дэпутаты ніжняй палаты ад Грамадзянскай дэмакратычнай партыі (ODS) Петар Кагачэк і Марцін Кацорэк адказвалі на самыя розныя пытаньні гасьцей зь Беларусі. Яны, у прыватнасьці, падкрэсьлілі, што Чэхія ня можа ігнараваць Беларусь і вынікі апошніх выбараў там. Але ж, паводле словаў Марціна Кацорэка, у Грамадзянскай дэмакратычнай партыі ўсё ж лічаць памылкай нядаўнюю паездку лідэра сацыял-дэмакратаў, кіраўніка чэскага ўраду Мілаша Зэмана ў Менск.

А наколькі дэпутаты чэскага парлямэнту і ўвогуле грамадства Чэхіі інфармаванае аб цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі – аб выпадках зьнікненьня палітыкаў, закрыцьця некаторых выданьняў, зьбіцьця дэманстрантаў? Дэпутат Марцін Кацорэк адказаў на гэтае пытаньне ляканічна:

(Кацорэк: ) “Мы маем інфармацыю з чэскага друку. І гэтая сытуацыя нас вельмі турбуе”.

(Карэспандэнт: ) “А якое месца займаюць ў выбарчай кампаніі вашай партыі зьнешнія адносіны з краінамі былога Савецкага Саюзу, у тым ліку зь Беларусьсю? Наколькі цікавая гэтая тэма для выбаршчыкаў?”

(Кацорэк: ) “Я думаю, што гэтае пытаньнне, на вялікі жаль, перад усім мае дачыненьне да нелегальнай міграцыі ў нашай краіне і зьвязанай з гэтым злачыннасьцю. Таму ў нашай перадвыбарчай праграме, што тычыцца стасункаў з краінамі Ўсходняй Эўропы, адлюстраваны ў першую чаргу менавіта гэты аспэкт”.

(Карэспандэнт: ) “Вы казалі падчас сустрэчы, што з панядзелка ў Чэхіі пачалася “гарачая кампанія” ў рамках падрыхтоўкі да выбараў. Тым ня менш, вы знайшлі час, каб сустрэцца з маладымі палітыкамі зь Беларусі. Чаму гэта важна для вас?”

(Кацорэк: ) “Для нас вельмі цікава сустрэцца з прадстаўнікамі яшчэ адной эўрапейскай краіны. І я думаю, што гэтая сустрэча дапаможа маладым людзям зь Беларусі больш даведацца аб дэмакратыі і дапамагчы ім ва ўсталяваньні дэмакратыі ў Беларусі”.

А вось як адказаў на тое ж пытаньне старшыня руху Маладых кансэрватараў Петар Сокал:

(Сокал: ) “Гэта ня першая сустрэча, якую мы арганізоўваем. Мы ўжо некалькі разоў запрашалі сюды маладых беларускіх палітыкаў. Тое, што менавіта ў гэты час – час выбарчай кампаніі ў Чэскай рэспубліцы, калі палітычныя партыі сапраўды напружана працуюць, мы запрасілі маладых палітыкаў зь Беларусі, мае свае падставы. Для іх гэта вельмі карысна, таму што яны могуць назіраць, як усё адбываецца, задаваць пытаньні. Відаць, што іх гэта вельмі цікавіць. Я думаю, што нашмат лепей, калі яны самі змогуць убачыць, як адбываецца выбарчая кампанія, быць сьведкамі таго, як мы рыхтуемся да выбараў, чымся калі б яны прыехалі ў момант палітычнага зацішку”.

Адразу пасьля сустрэчы з чэскімі дэпутатамі я папрасіў аднаго зь беларускіх удзельнікаў, старшыню Менскай раённай рады БНФ Юрася Зянковіча падзяліцца сваімі ўражаньнямі:

(Зянковіч: ) “Гэта першая паездка, калі я магу даведацца пра чэскую палітычную сыстэму з тым, каб выкарыстаць гэтыя веды ў будучыні. Бо я па прафэсіі палітоляг, і для мяне гэта важна.

Падчас сустрэчы з дэпутатамі нам было найбольш цікава даведацца пра пэўныя мэханізмы: якім чынам грамадзянская партыя Чэхіі рыхтуецца да выбараў? Я, напрыклад, для сябе зрабіў некалькі высноваў – якія зь іх прыёмаў мы зможам выкарыстоўваць падчас падрыхтоўкі да мясцовых выбараў у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “А што канкрэтна?”

(Зянковіч: ) “Напрыклад, вельмі цікавая была іхная ідэя раздаваць невялічкія ўлёткі, раздача якіх пачалася за некалькі месяцаў да выбараў, кожная зь якіх прысьвечаная канкрэтнай праблематыцы. У нас былі падобныя задумкі, але дзякуючы гэтай як бы падказцы я канкрэтна ведаю, што мы вернемся і пачнем распрацоўваць такога кшталту прадукцыю”.

Праграма далейшых сутрэч беларускіх маладых палітыкаў з чэскімі калегамі, а таксама журналістамі разьлічаная на ўвесь тыдзень і завершыцца ў суботу.