ЖОНАК ЗЬНІКЛЫХ ПАЛІТЫКАЎ ЗАПРАСІЛІ Ў ПАРЫЖ НА ПАСЕДЖАНЬНЕ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Парыж на паседжаньне камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы запрошаныя Зінаіда Ганчар, Вольга Завадзкая і Ірына Красоўская. Заўтра яны вылятаюць зь Менску.

Сёньня я зьвярнуўся да Зінаіды Ганчар і Ірыны Красоўскай з просьбай патлумачыць пазыцыю, якую яны давядуць эўрапейскім парлямэнтарам у Парыжы. Ці палепшылася становішча з правамі чалавека ў Беларусі з часу прэзыдэнцкіх выбараў, спытаўся я ў Зінаіды Ганчар.

(Ганчар: ) “Я мяркую, лепш ня стала. Злачынствы (я маю на ўвазе зьнікненьне майго мужа ды іншых) не раскрытыя, зьніклыя ня знойдзеныя. А тое, што быццам няма новых зьніклых, то, па-першае, гэта не дасягненьне, бо ў нас зараз не ваенны час. Зьнікненьні ўвогуле немагчыма апраўдаць, тым больш калі зьнік галоўны апанэнт рэжыму. Я маю на ўвазе майго мужа.

Па-другое, рэпрэсіі супраць іншадумцаў працягваюцца. Мы ўсе бачылі, як зьбівалі моладзь падчас маршу “Так жыць нельга”, мы ўсе ведаем, як улады пакаралі абаронцаў Курапатаў, і такіх фактаў ня стала менш. Таму я і мяркую, што становішча з правамі чалавека засталося на ранейшым узроўні”.

Ацэньваючы вынікі амаль трохгадовага расьсьледаваньня справы пра зьнікненьне Віктара Ганчара, Зінаіда Ганчар назвала іх “нулявымі” і заявіла, што праваахоўчыя структуры толькі заяўляюць, што вядуць расьсьледаваньне. Але што да яе, яна ў іхную шчырасьць ня верыць і выказваецца за найхутчэйшае стварэньне міжнароднай камісіі дзеля расьсьледаваньня справаў зьніклых. Шанцы на станоўчае рашэньне ў гэтай справе Зінаіда Ганчар лічыць немалымі, аднак сумняецца, што ўлады Беларусі дапусьцяць такую камісію да расьсьледаваньня.

Ірына Красоўская таксама выказваецца за далучэньне да расьсьледаваньня міжнародных экспэртаў і назіральнікаў. Пры гэтым яна бачыць пэўны мэханізм таго, як ня толькі стварыць такую камісію, але і забясьпечыць яе працу ў Беларусі:

(Красоўская: ) “Яны могуць ствараць такія камісіі, таму што ўжо ёсьць прэцэдэнт. Была створаная такая камісія паводле справы ўкраінскага журналіста Гангадзэ. Гэта было зроблена якраз на паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Мяркую, калі Беларусь на самой справе хоча ўвайсьці ў Раду Эўропы, то павінна будзе выканаць гэтае патрабаваньне — стварыць незалежную камісію. Уладам ужо давядзецца вырашаць — альбо расказаць усю праўду, альбо ня быць прынятымі ў Раду Эўропы”.

Паводле намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука, дэлегацыя зь Беларусі будзе таксама прынятая ў Міністэрстве замежных справаў Францыі і правядзе прэсавую канфэрэнцыю.