У ВІЛЬНІ ПАЧАЛОСЯ ПАЭТЫЧНАЕ СЬВЯТА “МАЙ ПА-НАД ВЯЛЬЛЁЙ”

Тацяна Поклад, Вільня

Беларускіх паэтаў на “Май па-над Вяльлёй” запрашаюць заўсёды. “Май па-над Вяльлёй” – гэта традыцыйныя міжнародныя літаратурныя сустрэчы ў Вільні – сёлета ўжо дзевяты раз.

Імпрэза трывае пяць дзён і ладзіцца звычайна з густам і рамантычна. Пачынаецца яна звычайна не прамовамі, а проста кветкамі да помніку А.Міцкевіча ля Бэрнардынскага касьцёлу ў Вільні. А галоўнае – гэта адмысловыя паэтычныя сустрэчы, на якіх свае вершы чытаюць віленскія паэты і госьці з розных эўрапейскіх краінаў.

Май па-над Вяльлёй ладзіць польскі культурны асяродак “Z-nad Wilii” (мастацкая галерыя і выдавецтва).

Ромэк Мячкоўскі, які стварыў і ўзначальвае галерыю “Z-nad Wilii” ды апякуецца ўсімі яе культурнымі і мастацкімі праектамі як арганізатар заўсёды запрашае беларускіх творцаў.

(Карэспандэнтка: ) “Ці гэта польскае сьвята, на якое запрашаюць беларусаў, ці нешта іншае – у чым сэнс, ідэя гэтых сустрэчаў?”

(Мячкоўскі: ) “Напэўна, гэта – сьвята літаратуры польскай, але ня толькі, бо мы бачым сваю літаратуру ў кантэксьце народаў гэтае зямлі, таму запрашаем паэтаў беларускіх, літоўскіх, украінскіх. Гэта сягае да традыцыяў ВКЛ, і вельмі важна, каб розныя літаратуры былі прыязныя адна да адной, каб паэты навязвалі непасрэдныя кантакты. Бо ў цяперашні час, калі нам пагражаюць розныя небясьпекі, так толькі і можна бараніць культуру”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто на сустрэчах прадстаўляе беларускую паэзію? Ці зьяўляюцца новыя імёны?”

(Мячкоўскі: ) “Зь беларускіх паэтаў бралі ўдзел Алег Мінкін, Тацяна Сапач, Алег Аблажэй, зь Беларусі стала прыяжджае Міхал Валасевіч, цяпер далучыцца Ігар Бабкоў – я пераклаў яго вершы і ён будзе запрошаны яшчэ асобна Інстытутам культуры польскай, і тады адмыслова прадставім яго творчасьць”.

Ромэк Мячкоўскі – заснавальнік і рэдактар культуралягічнага квартальніка “Z-nad Wilii” і сам займаецца паэтычнымі перакладамі.

Ён пасьлядоўна ўвасабляе сваю ідэю прэзэнтацыі віленскай культуры ў сучасным мастацтве як унікальнай полікультурнай зьявы і апякуецца тым, каб “Z-nad Wilii” ня была толькі польскім монакультурным асяродкам – што было б зусім не па-віленску.

Сёлетнія міжнародныя сустрэчы “Май па-над Вяльлёй” закончацца ў чацьвер, 16 траўня, а яшчэ ў Вільні наперадзе адмысловая сустрэча зь філёзафам і паэтам Ігарам Бабковым ды прэзэнтацыя яго вершаў па-беларуску і ў перакладзе на польскую.