ЖЫВЫ ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ У МЕНСКУ САБРАЎ КАЛЯ СТА ЧАЛАВЕК

Валер Каліноўскі, Менск

Перш за ўсё ўдзельнікі акцыі ўзгадвалі Юрыя Захаранку, тлумачылі мінакам, хто гэта быў і што ён зрабіў для Беларусі, як і чаму ён зьнік.

(Жанчына: ) “Захаранку я памятаю як прыгожага, мужнага чалавека. Я часта бачыла яго асабіста на апазыцыйных мітынгах”.

(Іншая жанчына: ) “Ну што мы можам сказаць… Нам баліць ад таго, што здарылася. Хацелася б верыць, што ён жыве, але… Веры няма”.

(Іншая жанчына: ) “Захаранка – я за яго галасавала, яшчэ калі былі выбары ў Вярхоўны Савет”.

(Мужчына: ) “Справа не ў Захаранку, а справа ў тым, што зьнікаюць людзі. Захаранка, Ганчар – ня мае значэньня. Галоўнае – ведаць праўду аб тым, чаму яны зьнікаюць. А якія яны былі людзі – якая розьніца. Гэта былі людзі”.

Гэтую думку падтрымаў менскі пэнсіянэр Алесь Кір’янаў:

(Кір’янаў: ) “Людзі не павінны зьнікаць. Гэта – самае галоўнае. Я мяркую, што генэрал Захаранка – гэта толькі вяршына айсбэргу, складзенага з раструшчаных сківіц, паламаных рэбраў нашых, са зьнікненьняў людзей. Таму я сюды й прыйшоў. Я прыйшоў адстойваць у першую чаргу свой лёс, сваё жыцьцё”.

Алесь Кір’янаў і іншыя людзі абвінавачвалі ўлады ў тым, што Юры Захаранка бясьследна зьнік.

(Жанчына: ) “Я думаю, што вінаватыя ўлады. Яны адказваюць за ўсё, што робіцца ў нашай краіне, зь іх трэба і пытаць за ўсё”.

(Іншая жанчына: ) “Я лічу, што гэтая ўлада – злачынная, усе злачынцы, усіх судзіць трэба. Ня толькі Лукашэнку, а Паўлічэнку перш за ўсё, якога Лукашэнка з турмы вызваліў”.

Усе адзначалі, што цяпер на акцыі апазыцыі, у тым ліку і на гэтую, прыходзіць мала людзей. Чаму? Адказваюць удзельнікі ланцуга неабыякавых людзей.

(Жанчына: ) “Ведаеце, запалоханасьць. Міліцыі тут вельмі шмат, шмат пераапранутых. І натуральна, страшна. А ў нас яшчэ такое пачуцьцё рабства, якое яшчэ з 1917 году пачынаецца”.

(Іншая жанчына: ) “Некаторыя стаміліся ўжо часта хадзіць, ужо ж доўга, шмат гадоў. А некаторыя ўжо настолькі звыкліся са сваім жабрацкім жыцьцём, што ім здаецца, што лепшага жыцьця ўжо ня можа быць. Што нехта іншы зробіць, а не яны. Вельмі шмат абыякавых людзей”.

Адной з прычынаў апатыі людзі называлі і тое, што ўлады мала рэагуюць на запыты аб зьніклых людзях.

(Малады настаўнік: ) “Улады не рэагуюць, але ёсьць прынамсі надзея, што зрэагуе народ. Тады ўладам давядзецца з гэтым лічыцца”.

Вельмі рэзка выказаўся наконт гэтага сталы чалавек, што стаяў непадалёк:

(Барысаў: ) “Я – Барысаў Сяргей Фёдаравіч, геоляг. Нас мала таму, што сапраўдных мужчын у Беларусі зараз вельмі і вельмі мала. Амаль усе баязьлівыя, нікчэмныя, баяцца нават выйсьці вось на сёньняшнюю акцыю. Таму я асуджаю ня толькі лукашэнкаўскі рэжым, але і большасьць мужчын Рэспублікі Беларусь”.

Некаторыя акрамя партрэтаў зьніклых палітыкаў прынесьлі партрэты сваіх блізкіх, што пацярпелі ад рэжыму, у тым ліку экс-прэм’ер Чыгір, які трымаў у руках партрэт свайго сына Аляксандра, што сядзіць у турме паводле палітычных матываў.

Нягледзячы на нешматлікасьць гэтай акцыі, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі лічыць гэты пікет вельмі важным і плённым.

(Дабравольскі: ) “На праспэкце ходзіць вельмі шмат людзей, таму мне здаецца, што гэтая акцыя вельмі эфэктыўная, бо гэта пабачыла больш людзей, чым калі нас стаяла тут тысяча чалавек зімой.

Я ня думаю, што мы гэтымі акцыямі камусьці адпомсьцім, ці адновім справядлівасьць. Мы хочам пакінуць іскру пачуцьця маральнага ў душах людзей, каб яны разумелі, што ўлада, якая дапускае такое, ня можа быць у нашай краіне. Вось што галоўнае. Плённасьць таксама ў тым, што сваімі пратэстамі мы паўплываалі на тое, што спыніліся зараз зьнікненьні вядомых палітыкаў і журналістаў”.

Акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей” у Менску прайшла без канфліктаў зь міліцыяй, а некаторыя з прадстаўнікоў аховы правапарадку не ў мікрафон зазначалі, што яны па-ранейшаму зь вялікай павагай ставяцца да свайго былога міністра, Юрыя Захаранкі.