Удзельнікі несанкцыяванай акцыі ў Берасьці трымалі ў руках плякаты з фотаздымкамі Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара, іншых вядомых у Беларусі людзей, што зьніклі альбо памерлі пры загадкавых абставінах за апошнія гады.
Пра тое, чаму яна выйшла сёньня на цэнтральную вуліцу Берасьця, распавядае Ніна Давыдоўская, якая трымала ў руках партрэт Юрыя Захаранкі:
(Давыдоўская: ) “Я вельмі спачуваю ягоным родным, гэтаксама як родным іншых зьніклых людзей. Гэтак ня можа працягвацца. Трэба арганізаваць сьледзтва па гэтых справах, можа нават з удзелам замежных сьледчых, для таго, каб давесьці справу да канца. Бо той суд, які быў над вінаватымі быццам бы ў зьнікненьні Зьмітра Завадзкага, гэта быў фарс”.
У адрозьненьне ад леташніх акцыяў “Ланцуг неабыякавых людзей”, удзельнікаў якіх зьбівалі берасьцейскія міліцыянты, а потым каралі суды, сёньняшняе мерапрыемства прайшло спакойна. Да тых, хто стаяў у ланцугу, падходзілі мінакі, і вельмі ўважліва слухалі расповед пра лёс людзей, чые фотаздымкі трымалі ўдзельнікі акцыі.