СЁЛЕТА ЗАКАНЧВАЮЦЬ ШКОЛУ ПЕРШАКЛЯСЬНІКІ ПЕРШАГА ГОДУ НЕЗАЛЕЖНАЕ БЕЛАРУСІ

Валянціна Аксак, Менск

Пэдагагічныя ўнівэрсытэты ды інстытуты, Беларускі ўнівэрсытэт культуры, некаторыя факультэты Беларускага дзяржаўнага і Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэтаў — вось, бадай, і ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, якія могуць прапанаваць дваццаці тысячам сёлетніх беларускамоўных выпускнікоў сярэдніх школ працягнуць адукацыю на роднай мове. Ніводная эканамічная, ніводная тэхнічная і ніводная мэдыцынская ВНУ дагэтуль так і не адчыніла беларускамоўных плыняў.

Вырашыць праблему змог бы Нацыянальны ўнівэрсытэт, пра неабходнасьць адкрыцьця якога шмат гавораць і праграма дзейнасьці якога распрацаваная яшчэ два гады таму. Ці будзе ён адчынены з наступнага навучальнага году — пра гэта мы спыталіся ў старшыні ініцыятыўнае групы па яго стварэньні Алега Трусава.

(Трусаў: ) “Гэтая ідэя пад нашым ціскам мусіць абмяркоўвацца за “круглым сталом”, які мае адбыцца 19 чэрвеня. Міністэрства адукацыі пасьля шматлікіх перамоваў пагадзілася ўставіць гэтае пытаньне ў парадак дня. І тады ўпершыню сустрэнуцца прадстаўнікі грамадзкасьці й Міністэрства адукацыі, каб на гэтую тэму пагаварыць больш канкрэтна. У падтрымку ідэі мы маем больш за 50 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі і замежных краінаў, якія захоўваюцца ў ТБМ і якія мы можам прад’явіць кіраўніцтву краіны.

Пакуль мы Нацыянальны ўнівэрсытэт ня створым як базавую вышэйшую беларускую школу, то праблемаў будзе багата. Беларускамоўныя плыні і тым больш асобныя групы ў расейскамоўных ВНУ сытуацыі ня зьменяць”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці рэальна гэта пры сёньняшняй уладзе — адчыніць Нацыянальны ўнівэрсытэт?”

(Трусаў: ) “Я думаю, што магчыма ня толькі гэта, але і шмат што іншае. Усё залежыць ад актыўнасьці грамадзянаў...”

Аптымізм спадара Трусава ў справе хуткага адкрыцьця Нацыянальнага ўнівэрсытэту грунтуецца на 32-м артыкуле прынятае нядаўна новае рэдакцыі Закону аб адукацыі. Варта толькі, дадае ён, каб грамадзкасьць актыўна патрабавала ягонага выкананьня.