СЬПІС КРАІНАЎ, НАЙБОЛЬШ НЕБЯСЬПЕЧНЫХ ДЛЯ СВАБОДЫ СЛОВА І ЖУРНАЛІСТАЎ

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

На першым месцы: Заходні Бераг Ярдану. Урад Арыэля Шарона строга забараніў журналістам асьвятляць падзеі, зьвязаныя з ваенным уварваньнем ізраільскага войска на палестынскія тэрыторыі.

На другім месцы – найбольш небясьпечная ў заходнім паўшар’і Калюмбія, дзе гвалтоўныя напады на прэсу праводзіліся ці ня ўсімі бакамі грамадзянскага канфлікту.

На трэцім месцы Афганістан, на чацьвертым – Эрытрэя і на пятым Беларусь, дзе група журналістаў спрабавала перадаваць мясцовыя навіны, нягледзячы на процідзеяньне Аляксандра Лукашэнкі, які распачаў супраць журналістаў перасьлед у савецкім стылі. Напярэдадні спрэчнага пераабраньня яго на пасаду прэзыдэнта падатковыя інспэктары сканфіскавалі тэхнічнае абсталяваньне і замарозілі банкаўскія рахункі незалежных мэдыяў, а таксама паставілі свайго прадстаўніка начале выдавецтва, якое выдавала незалежныя выданьні.

Улады не зрабілі ніякага прагрэсу ў справе зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага. У той час як два былыя сябры спэцслужбаў былі абвінавачаныя ў выкраданьні Завадзкага, ягонае цела не было знойдзенае, а пракуратура ніяк не адрэагавала на зьвесткі, якія паказвалі на верагодны ўдзел у справе Завадзкага вышэйшых кіраўнікоў Беларусі.

Далей у сьпісе краінаў найбольш небясьпечных для свабоды слова і журналістаў ідуць: Бірма, Зымбабвэ, Іран, Кіргістан і Куба.