БЕЛАРУСЬ РАЗЬВІТАЛАСЯ З НАРОДНАЙ АРТЫСТКАЙ ЛІЛІЯЙ ДАВІДОВІЧ

Валянціна Аксак, Менск

Яна нарадзілася на Каляды 1936 году. Бацька назваў яе Ліляю, бо ўбачыў падабенства з гэтаю каралеўскаю кветкаю. Гэткаю яна й была ўсё сваё тэатральнае, тэлевізійнае і кінематаграфічнае жыцьцё. За сорак два творчыя сэзоны сыграла болей за сто роляў, кожнаю ўразаючыся ў сэрцы і памяць гледачоў. Але найбольшую любоў публікі займела яе непаўторная Ганна Чарнушка ў Мележавых "Людзях на балоце". Тысячы разоў яна выходзіла ў гэтай ролі на купалаўскую сцэну і столькі ж заля плакала, калі яна разьвітвалася са сваім нясуджаным каханым Васілём у таксама нязьменным выкананьні Генадзя Гарбука. Сёньня ён разьвітваўся са сваёю Ганнаю мележаўскімі словамі.

Драматург і старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў разьвітваўся з каралеваю Бонай.

(Дудараў: ) "Пражыла яна яркае жыцьцё. Жыцьцё глыбокае, разнастайнае. Я сказаў бы так: узьнялася. Самая першая яе роля — гэта Ганна Чарнушка. Яна сыграла простую сялянку беларускую. Апошняя яе роля ў маёй п’есе "Чорная Панна Нясьвіжу" — каралева Бона.

Ад сялянкі — да каралевы.

Сьветлая ёй памяць. Мы з удзячнасьцю будзем успамінаць яе.

Яна — зорка".

Зорка памерла раптоўна, не пасьпеўшы састарыцца. Гэтую маладосьць адцяняла мора кветак ад сотняў прыхільнікаў ейнага таленту і афіцыйных структураў. Быў на сцэне і велізарны букет ад Аляксандра Лукашэнкі, якога прадстаўляў на цырымоніі дарадца ў ідэялягічных пытаньнях Іван Карэнда. Урад быў прадстаўлены намесьнікам старшыні Ўладзімерам Дражыным і міністрам культуры Леанідам Гулякам. Абодва прамаўлялі па-беларуску.

Акторы — у шоку. Яны прамаўляць не маглі. Маглі наладзіць сваёй Лілечцы, як усе яе ў тэатры звалі, толькі апошнія авацыі.

Пахаваная Лілія Давідовіч на Ўсходніх могілках сталіцы.