Сёньня я патэлефанаваў у Лісабон прадстаўніку дзейнага старшыні АБСЭ ў справах Беларусі, Украіны, Малдовы й Чачэніі Луішу Кабасу й папрасіў яго пракамэнтаваць учорашнюю прамову Аляксандра Лукашэнкі ў палаце прадстаўнікоў. Ці лічыць мэтазгодным дзейны старшыня АБСЭ – міністар замежных справаў Партугаліі – працягваць перамовы з афіцыйным Менскам наконт далейшага лёсу КНГ АБСЭ?
(Кабасу: ) “Перамовы працягваюцца, але, зь іншага боку, мы таксама працуем з Эўразьвязам ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі, каб даць скаардынаваны адказ на гэтую пазыцыю Беларусі”.
(Карэспандэнт: ) “Якія менавіта захады могуць быць зробленыя?”
(Кабасу: ) “Эўрапейскі Зьвяз увесь час вельмі моцна падтрымліваў пазыцыю АБСЭ ў дачыненьні да Беларусі. 15 красавіка Эўразьвяз зрабіў адпаведную дэклярацыю, падтрымаўшы дзеяньні старшыні АБСЭ і нашу пазыцыю. Эўразьвяз знаходзіцца на баку АБСЭ.
Цяпер Эўразьвяз сярод сваіх 15 сяброў абмяркоўвае, якія захады могуць быць зробленыя што да Беларусі – каб адказаць на апошнія рашэньні ейнага ўраду, а менавіта на непадаўжэньне візы спадару Рывалье”.
(Карэспандэнт: ) “Ці могуць гэта быць нейкія санкцыі?”
(Кабасу: ) “Адназначна могуць быць. Санкцыі зараз вывучаюцца. Санкцыі не разглядаюцца як галоўны сродак, але яны ня выключаныя. Гэта адна з мажлівасьцяў”.
Луіш Кабасу зазначыў, што пазыцыя дзейнага старшыні АБСЭ не зьмянілася: мандат КНГ АБСЭ ў Менску дагэтуль сапраўдны.