НЯМЕЦКАЯ КРЫМІНАЛЬНАЯ ПАЛІЦЫЯ ПАДАЗРАЕ БЕЛАРУСКАГА ГРАМАДЗЯНІНА Ў ЗАБОЙСТВЕ РАСЕЙЦА

Ул. інф.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, праз 10 месяцаў пасля зьнікненьня і знаходжаньня у міжнародным вышуку 29-гадовага расейца верагодны ягоны забойца, 39-гадовы беларус, даваў паказаньні на месцы злачынства. Цела забітага было закапанае ў лесе каля невялікага гарадка Франкебэрг, паведамілі супрацоўнікі мясцовай крымінальнай паліцыі і пракуратуры. Паводле іхных словаў, дакладны час забойства можна будзе вызначыць пасьля эксгумацыі. Сапраўдны матыў забойства таксама пакуль застаецца няясным.

29-гадовы расеец зьнік летась у чэрвені. Апошнія сьведкі бачылі яго ў аўтамабілі на шляху з Франкенбэргу ў Франкфурт-на-Майне, адкуль ён зьбіраўся ехаць дамоў у Расею. З таго часу маладога чалавека ніхто ня бачыў. Незадоўга да ад'езду з Франкенбэргу ён патэлефанаваў свайму знаёмаму ў Магдэбург і паведаміў, што, магчыма, наведае свайго сябра ў Марбургу.

Паводле зьвестак крымінальнай паліцыі, гэтым сябрам, як высьветлілася, быў 39-гадовы беларус. Два гады таму ён займаўся ў Марбургу перапродажам аўтамабіляў для постсавецкіх краінаў. Верагодны забойца быў аб'яўлены ў міжнародны вышук. У лістападзе 2001 году падазраваны быў затрыманы менскімі праваахоўчымі органамі. Для ўказаньня месца забойства 39-гадовы жыхар Беларусі быў транспартаваны ў Нямеччыну. Праз тыдзень ён будзе дастаўлены назад у Менск, — піша “Frankfurter Rundschau”.