Зранку канвой развозіў затрыманых удзельнікаў акцыі па судах. Паколькі судзіць павінны былі каля 40 чалавек, улады вырашылі разьдзяліць затрыманых на групы і разьвезьці ў розныя суды. Пятнаццаць чалавек прывезьлі ў Савецкі раённы суд, 15 — у Партызанскі і прыкладна столькі ж — у Цэнтральны. У Савецкі суд прывезьлі арганізатараў акцыі Міколу Халезіна, Зьмітра Бандарэнку і Юрыя Хашчавацкага.
Валерыя Шчукіна сярод іх не было. Яго шукалі ўвесь дзень. Міліцыянты казалі, што Шчукіна прывязуць пазьней, але сказаць, дзе ён, адмаўляліся. Людзей трымалі ў "аўтазаках". Канвой не дазваляў перадаць ежу. Толькі праз дзьве гадзіны пагадзіліся перадаць ваду.
Першай судзілі Алесю Анджыеўскую. Руслан Казадаеў арыштаваў яе на пяць сутак. Кацярыну Дзятко з Барысава пакаралі штрафам у 30 мінімальных заробкаў. Некалькі справаў, у тым ліку і справу Леаніда Садоўскага, суд з прычыны няправільнага афармленьня адаслаў у міліцыю, каб іх там перапісалі.
Судзьдзя Руслан Казадаеў разгладаў справу кінарэжысэра Юрыя Хашчавацкага даволі доўгі час. Юры Хашчавацкі абвінаваціў улады ў парушэньні заканадаўства. Ён зьвярнуў увагу суду на тое, што арганізатары падавалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне дэманстрацыі, а замест дазволу чыноўнікі прапанавалі правесьці мітынг на плошчы Бангалёр, што ёсьць парушэньнем заканадаўства.
Юры Хашчавацкі прапанаваў судзьдзі прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў Менгарвыканкаму і тых, хто даў загад зьбіваць і затрымліваць людзей. Судзьдзя арыштаваў Юрыя Хашчавацкага на 10 сутак. У судовай залі кінарэжысэр паведаміў Радыё Свабода:
(Хашчавацкі: ) "Ну, я адсяджу 10 сутак, а дзе і колькі сутак будуць сядзець тыя, хто дзейнічае такім чынам. Перад маімі вачыма праходзіць сцэна, якую я ўбачыў па тэлебачаньні, як міністар былой Югаславіі застрэліўся на прыступках парлямэнту. Я мяркую, што многіх нашых “дзеячоў” чакае менавіта такі лёс. У мяне ёсьць 10 сутак, каб падумаць (не, ужо 7)!"
Зьміцер Бандарэнка папрасіў адваката, і суд перанесьлі на заўтра. Празь нейкі час да яго падыйшлі міліцыянты з канвою і пачалі цягнуць у аўтазак. Зьміцер адмовіўся йсьці і лёг на падлогу:
(Бандарэнка: ) "Зараз два чалавекі знаходзяцца ў аўтазаку абсалютна незаконна. У іх позвы на заўтра на 11.30. Калі судзьдзя выпісвае позву, то людзі вольныя і могуць ісьці куды заўгодна. Замест гэтага міліцянты іх схапілі, пасадзілі ў аўтазак і кажуць, што зноў павязуць на Акрэсьціна. Гэта “беспрадзел”, кажучы па-расейску, бо перайшлі ўжо ўсе межы. Вы ж бачылі, як зьбівалі людзей, якія не супраціўляліся. Прыбярыце рукі! Прыбярыце рукі і вярніце мне пашпарт!”
У Цэнтральным судзе Зьміцер Бародзька пакараны 5 суткамі арышту. Віталь Вядзевіч арыштаваны на 7 сутак, Андрэй Пятроў — на трое, Аляксандар Атрошчанкаў — 5 сутак, Сяргей Рабкевіч — 7 сутак, Зьміцер Цанунін — на трое сутак. Анатоль Аскерка правядзе ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку 10 сутак арышту, Вераніка Купчанка, Юры Бубер і Яўген Афнагель — па трое сутак. Зьміцер Голубеў , Аляксей Яшчанка, Віктар Соіч, Аляксандар Грыдзюшка, Вячаслаў Ігнатовіч арыштаваныя на пяць сутак. Раман Казакевіч і Алесь Карповіч правядуць ў спэцпрыёмніку па 10 сутак арышту.
У Партызанскім судзе большасьць затрыманых папарасілі адвакатаў, і суды перанесьлі на іншыя дні. Некалькі чалавек пакараныя штрафамі ў 30 мінімальных заробкаў.
Валерыя Шчукіна, як і тых затрыманых ўдзельнікаў акцыі, якім яшчэ ня вынесьлі прысуды, адвезьлі зноў у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна. Ніколі раней улады не ўжывалі такую меру. Назіральнікі лічаць гэта парушэньнем заканадаўства.
Сёньня ў офіс "Хартыі'97" прыйшло паведамленьне ад міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Amnesty Inernational" аб тым, што ўсе затрыманыя ўдзельнікі дэманстрацыі 19 красавіка прызнаныя вязьнямі сумленьня.
Заўтра ў суды гарадзкі канвой прывязе затрыманых, справы якіх не пасьпелі разгледзець сёньня, альбо перанесьлі на заўтра. Сярод іх — арганізатары шэсьця Мікалай Халезін, Зьміцер Бандарэнка і Валеры Шчукін.
Справы некалькіх дзясяткаў непаўнагадовых удзельнікаў акцыі будуць разглядаць адпаведныя камісіі ў райвыканкамах.