БЕЛАРУСКІЯ ДАКТАРЫ ПРАГНАЗУЮЦЬ РОСТ ЗАХВОРВАНЬНЯЎ НА РАК ЛЁГКІХ І МАЛОЧНЫХ ЗАЛОЗАЎ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мэдыкі прызналі, што значнае павелічэньне выпадкаў захворваньня на рак шчытападобнай залозы ёсьць наступствам Чарнобылю, але супакоілі тым, што пік гэтых захворваньняў мінуў, і іх колькасьць паступова зьніжаецца. Паводле кіраўніка цэнтру пухлінаў шчытападобнай залозы Яўгена Дзямідчыка, цяпер у беларускіх дактароў працы тут паменее.

(Дзямідчык: ) "У першыя гады пасьля Чарнобылю мы сутыкнуліся зь вялікай праблемай, бо не было сучаснага абсталяваньня для дыягностыкі раку шчытападобнай залозы, але цяпер, дзякуючы замежнай дапамозе, у нас ёсьць патрэбнае ультрагукавое абсталяваньне".

Паводле Дзямідчыка, у Беларусі навучыліся нядрэнна лячыць гэтую хваробу. З 1677 захварэлых на рак шчытападобнай залозы памерлі 11 чалавек, што дактары лічаць мінімальным паказчыкам. Аднак прафэсар прагназуе, што цягам наступных 20 гадоў захварэе прынамсі 8 тысяч чалавек, і таму супакойвацца ня варта.

У будучыні найбольшай небясьпекі дактары чакаюць ад такіх хваробаў як рак лёгкіх, малочных залозаў, нырак і мачаполавай сыстэмы ды страўніка. Навуковыя дасьледаваньні паказваюць, што менавіта гэтыя органы найбольш падпадаюць пад нэгатыўны ўплыў радыяцыйных фактараў у пэрыяд, які настае зараз — праз 16 гадоў пасьля аварыі.

Паводле міністра аховы здароўя Ўладзіслава Астапенкі, у краіне створаная моцная сыстэма прафіляктыкі ракавых захворваньняў — яна сочыць за здароўем больш як 1,5 мільёнаў чалавек, — але шмат што будзе залежаць і ад іншых ведамстваў. Між тым, яны прызнаюць, што фінансавыя перашкоды не дазваляюць забясьпечваць добрыя вынікі ў барацьбе з наступствамі Чарнобылю.

Гэтак, паводле прафэсара Іосіфа Багдзевіча, кіраўніка Інстытуту глебазнаўства, які дасьледуе праблемы чысьціні харчоў, абсалютна ўсе праграмы падтрыманьня глебаў у належным стане атрымліваюць ня больш за 70% патрэбнага фінансаваньня. Між тым, цяпер менавіта праз харчы грамадзяне Беларусі рызыкуюць атрымаць небясьпечныя дозы радыяцыі.