ДЭМАКРАТЫ СТВАРАЮЦЬ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ ФОНД

Ігар Карней, Менск

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі сябра апякунскай Рады новай арганізацыі Васіль Лявонаў распавёў, што Фонд "За новую Беларусь" ёсьць пераймальнікам аднайменнага руху, які, нягледзячы на вялікія намаганьні, так і ня быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі. Паўтараць досьвед мінулага Лявонаў палічыў за лішняе і новая арганізацыя будзе днямі зарэгістраваная ў Маскве.

Апроч Лявонава, сярод заснавальнікаў арганізацыі зь беларускага боку Міхаіл Чыгір, Станіслаў Багданкевіч, Уладзімер Хілько; з расейскага — старшыня Фонду абароны галоснасьці Аляксей Сіманаў, прадпрымальнікі Валянцін Гэфтар, Аляксандар Казак. Таксама выказалі сваю салідарнасьць Радзім Гарэцкі, Павел Шарамет, Зінаіда Бандарэнка ды іншыя. Усяго ў складзе апякунскай Рады 21 асоба. Старшынём праўленьня Фонду на ўчорашнім паседжаньні абраны паэт Уладзімер Някляеў.

Мэтазгоднасьць заснаваньня сумеснай структуры Васіль Лявонаў тлумачыць найперш тым, што апазыцыйныя беларускія палітыкі занадта шмат спадзяюцца на Захад, забываючыся пра ўплыў Расеі. А менавіта ў Маскве часам адбываюцца лёсавызначальныя для Беларусі падзеі.

Яшчэ напярэдадні прэсавай канфэрэнцыі ў кулюарах чуліся меркаваньні, што ў існаваньні падобнай структуры няма патрэбы. Бо і Лукашэнка ёсьць частым госьцем расейскай сталіцы і быццам імкнецца прыцягнуць у Беларусь расейскі капітал. Спадар Лявонаў так адрэагаваў на гэтыя параўнаньні:

(Лявонаў: ) "Прабачце, але я ня маю такіх магчымасьцяў, як мае Лукашэнка. У мяне няма нічога, а ён рэальна гандлюе тым жа нафтахімічным комплексам. Я гандляваць не магу, таму тут нельга праводзіць паралелі".

(Карней: ) "Вы казалі, што фонд будзе па-за палітыкай? А ці рэальна сёньня заставацца па-за палітыкай?"

(Лявонаў: ) "Ніхто ня супраць таго, калі мы прыйдзем да селяніна і скажам, як лепей араць, як лепей жыць. Якая тут палітыка?"

(Карней: ) "Але ня выключана, што будзе пэўны супраціў вашай ініцыятыве?"

(Лявонаў: ) "Я гатовы да ўсяго. І да самага горшага".

Адзін з заснавальнікаў Фонду — былы прэм'ер-міністар Міхаіл Чыгір. Два тыдні таму ён стаў сябрам АГП. Пытаю, як адрэагавала на ягоны ўдзел у Фондзе кіраўніцтва партыі: агульнавядома, што многія беларускія дэмакраты вельмі падазрона ставяцца да сумесных праектаў з расейскім бокам.

(Чыгір: ) "У мяне на гэтую тэму адбылася размова з Анатолем Лябедзькам. І мы дамовіліся, што фонд і партыя павінны шчыльна супрацоўнічаць, калі ёсьць агульныя інтарэсы. Я ня думаю, што супрацоўніцтва будзе масавым, але калі будуць агульныя тэмы, то мы павінны працаваць разам. Бо ў фонду адны магчымасьці, у партыі іншыя. Калі іх аб'яднаць, вынік будзе больш значным".

(Карней: ) "Вы абвесьцілі, што будзеце спрабаваць кантактаваць зь дзяржаўнымі чыноўнікамі. Ці ёсьць спадзяваньні, што чыноўнікі, якія цалкам падпарадкоўваюцца Лукашэнку, гатовыя да гэтых стасункаў?"

(Чыгір: ) "Многія зь ліку іх, зразумела, баяцца, але дастаткова й тых, хто падчас сустрэчаў, размоваў вельмі добра разумеюць сытуацыю, разумеюць, што патрэбныя зьмены, так працягвацца доўга ня можа. Таму — чаму не?"

Міхаіл Чыгір дадаў, што пра рэальныя справы можна распачынаць гаворку пасьля таго, як у бліжэйшы чацьвер Фонд атрымае пасьведчаньне аб рэгістрацыі ў расейскім Міністэрстве юстыцыі.