У цэнтральным апараце БПСМ тэарэтычна дапускаюць, што хтосьці зь сяброў Саюзу мог напісаць, як выказаўся адзін з кіраўнікоў Саюзу, "падобны паклёп". Цягам трох месяцаў штатныя супрацоўнікі, сапраўды, не атрымлівалі заробку, ды й агульнае фінансаваньне арганізацыі ад нядаўняга часу адбываецца паводле артыкулу "іншыя выдаткі" — паводле рэшткавага прынцыпу. Але кіраўніцтва БПСМ па-ранейшаму сьцьвярджае, што сюды йдуць працаваць не дзеля грошай, а дзеля ідэі. Гаворыць адказны супрацоўнік БПСМ Іван Янушэвіч:
(Янушэвіч: ) "Арганізацыя працуе, і тое, што нас імкнуцца аблаяць рознымі словамі, ну дык у кожнага свая палітычная арыентацыя. Мы падтрымліваем цяперашняе кіраўніцтва, і пакуль наш першы сакратар ня скажа адносна пэрспэктывы існаваньня, мы як арганізацыя не развалімся, ніхто не разьбяжыцца. Фінансаваньня бракуе, але хочацца рэалізаваць увесь аб'ём заплянаваных мерапрыемстваў. Бо людзей ініцыятыўных шмат, хтосьці прыходзіць дзеля кар'еры, але бальшыня за ідэю. Натуральна, мы не КГБ, дзе йдзе магутны кадравы адбор, у нас могуць працаваць розныя людзі. Але наконт апазыцыі Цэнтральнаму камітэту? — пэўна, спадзяваліся, што калі ліст будзе надрукаваны ў апазыцыйнай прэсе, то нам адразу дадуць грошы".
Больш вядомы як "лукамол", Беларускі парыятычны саюз моладзі быў створаны з ініцыятывы самога Лукашэнкі і мусіў стацца своеасаблівай кузьняй адданых кадраў. На пачатку існаваньня арганізацыі так і было: рэанімаваныя камсамольцы зноў атрымалі асобныя кабінэты, прыстойныя заробкі і нават службовыя аўто. Лукашэнка быў частым госьцем справаздачных канфэрэнцыяў, і юныя патрыёты з усіх трыбунаў кляліся, што будуць абараняць кіраўніка дзяржавы да апошняга. Сёньня настроі іншыя. Адзін з клеркаў сярэдняга зьвяна апарату БПСМ, які прадставіўся Барысам, скардзіцца, што Саюз кінуты на самавыжываньне: бюджэтнае фінансаваньне згортваецца, а займацца камэрцыйнай дзейнасьцю забаронена:
(Барыс: ) "Пасьля таго, як прайшлі выбары, можна сказаць, пра нас тут жа і забыліся. Іншым разам нават задумаешся, што наш рух насамрэч ствараўся як чыста папулісцкі: лёзунгаў шмат, а рэальнасьці ніякай. Вось мяркуйце самі. Раней мы ладзілі шмат мерапрыемстваў для моладзі: дыскатэкі, сьвяты, тыя ж суботнікі. Зараз на гэта ніякіх выдаткаў няма. Я не шэраговы сябра Саюзу, я ўсё ж атрымліваў некалі заробак, быў на акладзе, але я дакладна ведаю, што простыя члены хоць і лічацца "бэпэсээмаўцамі", але фармальна ад нас усё далей: нічым не займаюцца, нічога ня робяць.Энтузыязам растае літаральна на вачах. Я не зьдзіўлюся, што працягнецца такая сытуацыя месяц-другі — нашыя шэрагі скароцяцца ў разы".
Апошняя хваля актыўнасьці БПСМ прыйшлася на леташні верасень, калі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў на вуліцах можна было сустрэць маладых людзей са значкамі "Я за бацьку". Зараз пра БПСМ узгадваюць выключна ў зьвязку зь нейкімі скандаламі. Нават былы кіраўнік Саюзу Ўсевалад Янчэўскі пераканаўся, што лепей не чакаць паваротаў лёсу, і пайшоў у дэпутаты так званай палаты прадстаўнікоў. Некаторыя аналітыкі кажуць, што Лукашэнку надакучыла чарговая "цацка".