ЧАЛАВЕК І ЎЛАДА

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае гісторык культуры Вацлаў Арэшка.

(Ракіцкі: ) "Вялікі канцлер Ян Замойскі вымавіў у 1575 годзе падчас элекцыі караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя наступныя словы: "Выбіраем мы караля, кожны асабіста, ніхто ў нас ніякага ўраду не прызнае, пакуль толькі сам яму дабравольна не паддаўся, а, прынамсі, не галасаваў, калі большасьць іншага караля выбрала..." Але ці ня зьнікла іхная актуальнасьць зусім за прамінулыя стагодзьдзі? Як будаваліся адносіны чалавека і ўлады ў эпоху “залатой вольнасьці” і ці паўплывалі тыя традыцыі на нашую палітычную рэчаіснасьць?

(Арэшка: ) "Улада была створаная людзьмі, але, як шмат іншых чалавечых стварэньняў, пачала неўзабаве сваё “незалежнае” існаваньне, для якога людзі часта былі толькі “будаўнічым матэрыялам”, калі нават не “палівам”... Яна, улада, існуе ад пачаткаў чалавецтва, яна зьяўляецца ў кожнай суполцы, у кожнай групе... Часам здаецца, што менавіта ўлада ёсьць першаснаю, а чалавек – толькі сродак для яе функцыяваньня...”

(Ракіцкі: ) "Маім госьцем — гісторык культуры Вацлаў Арэшка. Бальшыня рэлігіяў сьцвярджае, што ўлада дадзеная нам ад Бога. Застаецца толькі адно пытаньне — якая ўлада менавіта? Сапраўды, калі бачыць ва ўладзе неабходную сыстэму ўпарадкаваньня адносінаў людзей ў грамадзтве, яна можа і мае вышэйшы сэнс, але калі разглядаць асобныя палітычныя сыстэмы... Вяртаючыся да нашага мінулага, як, на вашую думку, можна выразна ахарактэрызаваць сыстэму ўлады ў беларускім грамадзтве 17 — 18 стагодзьдзяў?”

(Арэшка: ) "Вы ўжо самі далі фармулёўку — гэта ёсьць эпоха “залатой вольнасьці”.

(Ракіцкі: ) “Залатая вольнасьць” — гэта хутчэй мэтафара, чым фармулёўка...”

(Арэшка: ) "Гэта, дарэчы, і дакладны палітычны тэрмін, зьмест якога ў тую самую эпоху ведалі ўсе больш-менш адукаваныя людзі. Вядомы казнадзей, а таксама і “палітычны тэарэтык” канца 16 — пачатку 17 стагодзьдзяў Пётар Скарга так фармуляваў яго:

“Залатая вольнасьць” (па лаціне aurea libertas) — азначае “ня мець тырана ані такому каралю служыць, які б нас, як хацеў, на правы не ўважаючы, судзіў, забіваў і маёмасьць нашу браў...”

У эпоху барока звычайна і мэтафары былі вельмі канкрэтнымі і тэрміны вобразнымі — як мэтафары.

Прынцыпы залатой вольнасьці выразна былі артыкуляваныя, дарэчы, па-старабеларуску, у Статуце Вялікага Княства Літоўскага, менавіта ў звароце Лява Сапегі да станаў Вялікага Княства:

“Абачывалі то ўсіх вякоў людзі мудрыя, што ў кожнай рэчы паспалітай чалавеку пачціваму нічога не маець быці дарожшаго над вольнасьцю. А няволяю так се маець гыдзіці, што не только скарбамі, але і смерцю яе ад сябе адганяці повінен...

Яко Цыцэро паведзіў, іж естэсьмо нявольнікамі праў для таго, абысьмы вольнасьці ўжываці маглі. А есьлі ж чалавеку пачціваму нічога нет мільшага над тое, гды во айчызьне сваёй безпечне мешкаючы не баіцца, абы яго хто на добрай славе яго змазаці, альбо на целе і на здороўі яго абразіці, альбо тэж на ўласнай маетнасьці яго укрыўдзіці мог. Тагды то нічому іншаму, адно праву прычытаці маець, за каторым ад кождага ў пакою сядзець, а жаднага ўсільства, абельжэньня і ўкрыўжэньня на сабе не паносіць, бо той цэль і скутак усіх праў ёсьць і маець быці на сьвеце, абы кождый добрую славу сваю, здароўе і маетносьць у целасьці меў, а на тым усім жаднага ўшчырбку не цярпеў. І то ёсьць наша вольнасьць, каторую мы між іншымі народы хресьціянскімі хвалім, што пана, іжбы водле волі сваёй, а не водле праў нашых панаваў, над сабою ня маем, а яко славы учцівое, так жывота і маетнасьці вольна ўжываем. Бо хто бы кольвек з тых трох рэчаў ў чым нас укрыўдзіці і подлуг падабаньня сваяго, а не водле праў нашых над намі паствіцца меў, той бы ўжо ня панам нашым, але сказіцелям праў і вольнасьцей нашых быў, а мы бысьма нявольнікамі яго быці мусім. І слушне за праўду маем, за што Пану Богу дзякаваці, што за панаваньнем каралей іх міласьці і вялікіх князей, паноў нашых тую ўладзу і вольнасьць у руках сваіх маем, а права самі сабе творачы яко найбольшей можем вольнасьці сваёй ва ўсім пасьцерагаем, бо ня толькі сусед а сполный наш абывацель ў айчызьне, але і сам гаспадар пан наш жаднае зьвірхнасьці над намі зажываці ня можець, адно толькі, колькі ему права дапушчаець. Пото маючы такавый скарб у рукох нашых, каторый жаднаю сумаю преплачан быці ня можець, прыстоіць кождаму пачьцівому чалавеку, абы аб ім ведаў...”

(Ракіцкі: ) "Але ж карціна сацыяльнага і палітычнага жыцьця ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў была, насамрэч, вельмі далёкай ад ідыліі, якая вымалёўваецца з гэтага тэксту. Апроч вонкавых агрэсіяў краіну калацілі шматлікія паўстаньні, рокашы, дамовыя войны. Чаму ж гэтая “залатая вольнасьць” не забясьпечвала, прынамсі, пэўнай стабільнасьці ў дзяржаве?”

(Арэшка: ) "Вольнасьць — гэта толькі прынцып, а не палітычны лад, да таго ж прынцып, які датычыў хаця й вялікай, але не пераважнай часткі грамадзтва. Трэба адразу адзначыць, што грамадзтва Рэчы Паспалітай было падзеленае на дзьве няроўныя паловы: на тых, хто быў далучаны да ўлады і, адпаведна, карыстаўся правамі вольнасьці, і на тых, хто да ўлады ня меў дачыненьня, а значыць, ня меў і тых правоў. Першая — гэта народ шляхецкі, які сам сябе вызначаў як народ палітычны. Да другой адносіліся і гараджане, нават заможныя, і вольныя сяляне, і, зразумела, сяляне прыгонныя”.

(Ракіцкі: ) "А як жа гарадзкое самакіраваньне, магдэбурскае права?”

(Арэшка: ) "Сапраўды, існавала пэўная мясцовая ўлада, але магдэбурскае права ў нас паступова хірэла разам зь беларускім горадам, а як не імкнуўся гарадзкі патрыцыят далучыцца да кіраваньня дзяржаваю — шляхта дружна да гэтага не дапусьціла. Таму, гэтак мовячы, “цела ўлады” было выключна шляхецкім. І гэта было адною з прычын многіх унутраных канфліктаў, напрыклад, з казацтвам, якое неаднойчы збройна змагалася за ўдзел у дзяржаўнай уладзе нароўні са шляхтаю”.

(Ракіцкі: ) "Але шляхта трымалася за ўладу моцна і нават знаходзіла ўнутры сябе групы, якія можна было б адлучыць ад улады — як, напрыклад, рэлігійных “дысідэнтаў”.

(Арэшка: ) "Так, бо, як мы ўжо бачылі, вольнасьць і ўдзел ва ўладзе былі бакамі аднаго мэдалю. Менавіта яны адрозьнівалі шляхту ад усіх астатніх, рабілі яе магутнаю сілаю, нават давалі магчымасьць карміцца за кошт удзелу ва ўладзе.

“Шляхціц ёсьць панам у сябе ў доме, не падлягае нікаму асабіста, ня мае начальнікаў, адно есьць паслушны правам, якія сам усталяваў, на варце іх стаяць урадоўцы, якія таксама паходзяць з прызнаньня шляхецкага, пачынаючы з караля”, – гэтак пісаў на пачатку 17 стагодьдзя публіцыст Марцін Блажоўскі”.

(Ракіцкі: ) "Адчуваньне індывідуальнай вольнасьці было хіба наймацнейшым фактарам фармаваньня шляхецкай мэнтальнасьці. “Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе” дагэтуль, напэўна, застаецца агульна вядомаю формулай нашага шляхецтва”.

(Арэшка: ) "На самой справе шляхта не была аднароднаю — былі “шарачкі”, былі заможныя і, урэшце, была магнатэрыя — можнаўладцы, якія, нягледзячы на фармальна роўныя правы ўсёй шляхты, валодалі, насамрэч, уладаю ў гаспадарстве.

Наяўнасьць гэтых дзьвюх асноўных групаў шляхты ўвасабляла функцыяваньне ўлады ў нашым краі. Магнатэрыя, якой належала большая частка краіны, панавала адпаведна інтарэсам — калі айчыны, а калі сваім уласным, дакладней, сямейным. Астатняя шляхта рэалізоўвала сваё права на ўладу праз удзел у сойміках, соймах і элекцыях, звычайна ў складзе магнацкіх партый. Пачастункі, падарункі, грошы альбо пагрозы й гвалт былі сродкамі ўплыву на “заканадаўцаў”, а асноўным мэханізмам маніпуляваньня соймікамі і соймамі было знакамітае Liberum veto, што значыла: “не дазваляю”, з дапамогай якога кожны ўдзельнік сойму мог сарваць ці, прынамсі, прыпыніць працу сойму.

Дзейнасьць магнатэрыі была цынічнай, але настолькі традыцыйнай, што мала каму прыходзіла ў галаву яе няслушнасьць. Міхал Казімер Радзівіл у сваім “Дыярыюшы” ўспамінае проста:

“Ранкам прыехаў я да Наваградка і адразу пайшоў да пана старасты вількаўскага Сапегі, зь якім аддалі мы візыт князю ваяводу Наваградзкаму Фаўстыну Радзівілу. Паехалі мы зь ім на соймік, дзе, як толькі распачалі яго, узяліся мы насаджваць пана Казімера Несялоўскага, чаму працівіўся пан Хэлхоўскі, да якога кінуліся з нашае грамады й хацелі яго зарубіць, але ўцёк. Паслы ўчынілі рэляцыю канстытуцыі і адклалі абрады на заўтра. Я потым у сваёй залі ўрачыста трактаваў шляхту”.

А ксёндз Кітовіч заўважае менавіта тое, наколькі традыцыя замацавала гвалт і прымус, якія часам прыкрываліся “формаю” права:

“Соймікі звычайна адпраўляюцца гвалтам, калі запрэчыўшага меркаваньню большасьці па п’яному нават на шаблях разносілі, хіба што, з адчайнымі памочнікамі сваімі, здолеў бы ён дарвацца да канцылярыі, падпісаць маніфэст, і, пакуль п’яная дружына з соймікавага кола высыпала, уцячы зь мейсца сойміку. Тады толькі, убачыўшы маніфэст, усе аднадушна вырашалі, што можна соймікаваць далей без гвалтаваньня вольнага права “не дазваляю”, якое звычайна называлі “зрэнкаю вольнасьці”. А калі спрэчніка дасталі, парубалі, альбо на смерць забілі, перш чым занёс ён маніфэст, дык “зрэніца вольнасьці” лічылася за здаровую й цэлую.

(Ракіцкі: ) "Падобна, што ўдзел ва ўладзе бываў досыць небясьпечны, асабліва для “шэраговых палітыкаў”.

(Арэшка: ) "Пра гэта неаднойчы згадвае ў сваіх успамінах і Марцін Матушэвіч:

“...першага сьмяльчака, які адазваўся з пратэстам, Казяроўскага, асобу досыць дужую, партыя маршалкоўская схапіла, у пыск набіла і выкінула. Дасталося таксама і Мэйеру. Астатнія прыціхлі...”

Але нават без уплыву магнацкіх партый Liberum veto часта ператварала соймы ў камэдыю пыхі, упартасьці й глупства. Пра гэта з абурэньнем піша той жа Кітовіч:

“Такія перашкоды дзейнасьці усёй Ізбы пасольскай здараліся часта. Нават калі пасол, неасьцярожна гаворачы, якое слова вымавіў супраць іншага, зьняважаны адразу ж помсьціўся на усёй Ізьбе. Тады схадзіліся да яго, там, дзе сядзеў ён, маршалак, паслы, а часам дэлегавалі і з Сэнату, просячы аб вяртаньні чыннасьці абрадам. Нарэшце той, насапеўшыся ўволю і насычаны прозьбамі і паклонамі, вяртаў чыннасьць. Тут жа ў прамовах падзякі гэтаму ягамосьцю, які зміласьцівіўся над сваёй айчынаю і вярнуў ей абрады, замест таго, каб сам ён павінен быў на каленях поўзаючы ад пасла да пасла, перапрашаць усіх за злоснае й глупае змарнаваньне дарагога часу”.

Права на вольнасьць і ўладу, атрыманае без належнай адукацыі, без выхаваньня пачуцьця адказнасьці ператваралася ў права “раблю што хачу”, не зважаючы на патрэбы ня толькі айчыны, але і ўсяго сьвету. Гэтак “залатая вольнасьць” ператваралася ў сваю карыкатуру — шляхецкую анархію.

(Ракіцкі: ) "А калі параўнаць стасункі грамадзянаў з уладамі ў нашай краіне і ў, хаця б, найбліжэйшых суседзяў?”

(Арэшка: ) "Узяўшы, напрыклад, Расею, мы ўбачым істотную розьніцу. У нас не было “сакралізацыі” ўлады, як у бізантыйска-усходняй маскоўскай мадэлі. Там асьвячонаю ёсьць сама ідэя ўлады як непасрэднага ўвасабленьня боскага панаваньня, сакральнаю істотаю зьяўляецца і яе носьбіт – цар. Усе – нават найвышэйшыя саноўнікі і радавітыя князі – ня вартыя ягонага пазногця. Усё, да чаго дакранаецца ўлада, набывае вышэйшыя сэнс і вартасьць.

У нашай традыцыі ўлада ня мае сакральнага характару — яна толькі працяг правоў шляхты, рэалізацыя ідэі вольнасьці. Вольнасьць, правы, сама краіна як месца, дзе ўвасабляецца найлепшая мадэль адносінаў чалавека з уладаю, набывалі ў сьвядомасьці шляхты адмысловы сэнс. А непасрэдна сама ўлада была звычайна толькі сродкам да здабыцьця славы і багацьця. Нават кароль як сымбаль найвышэйшай дзяржаўнай улады ўспрымаўся звычайна як прадстаўнік шляхты, ягоная асоба сама па сабе ня мела вышэйшай вартасьці.

Кашталянавая Касакоўская, якая не далюблівала караля й вялікага князя Станіслава Аўгуста, з задавальненьнем пісала да сваёй прыяцельніцы Патоцкай пра характэрны выпадак, што здарыўся падчас яе побыту ў Варшаве:

“...Калі стала вядома, што кароль едзе, дамы ўчынілі раду, хто бы мяне прэзэнтаваў і ці хачу я таго. Я дала рэзалюцыю, што ня маю жаданьня быць прэзэнтаванаю... Ведае імя маё і мяне самую; бываў у маім доме; я свайго стану не зьмяніла — такія вось прычыны, што прэзэнтавацца ня маю дзеля чаго жадаць. Пакланіліся мы ўсе звычайным чынам, здалёку...”

(Ракіцкі: ) "Ці не падобна на тое, што рысы шляхецкага падыходу да ўлады часам праяўляюцца і ў некаторых нашых палітыкаў з дэмакратычнага лягеру? Але ці не азначае гэта тады, што так званы “просты народ” альбо, як яго называюць цяпер, “электарат” пераняў звычкі прыгоннага сялянства?

(Арэшка: ) "Гэта дасьціпная паралель, але на маю думку, трохі спрошчаная. Сапраўды, магчыма, у палітычна актыўнай часткі грамадзтва праяўляюцца рысы іх палітычна актыўных продкаў. Мэнтальнасьць, якая выпрацоўваецца стагодзьдзямі і зьмяняецца вельмі павольна. Але наяўнасьць у беларусаў “дэмакратычнай мэнтальнасьці” здаецца мне сумнеўнай. Шляхецкая дэмакратыя была хутчэй спадчынаю родава-племянной старажытнасьці, “дэмакратыяй” зграі воінаў і паляўнічых. Яе ўвасабленьне — вайсковы савет, рыцарскае кола. Сапраўдная дэмакратыя — дэмакратыя стрыманасьці і адказнасьці — выпрацоўвалася ў гарадох, якія беларусы страцілі да 18 стагодзьдзя.

Зь іншага боку, у сялянскай большасьці паступова выпрацавалася абыякавасьць да любой улады, якая заўсёды “не свая” — “панская”, “маскоўская”, “польская”, “нямецкая”, “бальшавіцкая”... Як гаворыцца — Бог усё даў беларусам, апроч добрых начальнікаў. Зьмяняць уладу, уплываць на яе — бяз сэнсу, трэба “пацярпець”.

Дык вось мне здаецца, што сёньня мы ў беларускай мэнтальнасьці маем цікавы “гібрыд” шляхецкага свавольля і сялянскай абыякавасьці: “Ніхто мне ня ўказ. Вось як цюкне ў галаву, так і выбяру. А потым трэба цярпець...”