ЭПОХА КНІЖНАЕ ГРАФІКІ

Сяргей Харэўскі, Вільня

Сёньня ў Беларусі кнігі па гісторыі й тэорыі мастацтва выдаюцца адзінкамі. Зьяўленьне кожнага такога выданьня – падзея, хоць часам і не заўважная нават для адмыслоўцаў.

Днямі я набыў манаграфію Міхала Баразны “Беларуская кніжная графіка”. Між іншым, апошні раз падобнае выданьне, кніга Віктара Шматава, пабачыла сьвет ажно ў 1979 годзе. Новая кніга прысьвечаная кніжнай графіцы 60-х–90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У ёй упершыню аналізуецца найноўшая творчасьць нашых сучасьнікаў. То бок, аўтар ідзе крок у крок з мастакамі.

Выдадзеная летась у выдавецтве “Беларуская энцыкляпэдыя” кніга Баразны – гэта невялікае па фармаце, густа насычанае разнастайнай фактураю выданьне. Напрыклад, тут можна прачытаць і пра вырашэньне мастакамі тэмы змаганьня з фашызмам, і пра сувязь графікі з народным мастацтвам, і пра новыя недзяржаўныя выдавецтвы. Ёсьць нават згадкі пра кніжкі “ТВЛу” і “Бум-бам-літу”.

На сёньня праца Міхала Баразны – самы поўны даведнік пра беларускае кніжнае мастацтва. Нягледзячы на трохтысячны наклад, з аматараў мастацтва яе пачытаць мала хто пасьпеў:

(Аматарка мастацтва: ) “Не. Шчыра кажучы, ня бачыла...”

(Іншая: ) “Ну, прагледзела так па дыяганалі”.

(Аматар мастацтва: ) “Я кнігу Баразны бачыў толькі чыста вокладку на паліцы... У нас мала кніг выходзіць. Ну, гэта падзейная такая зьява, гэта мінімум ад таго, што мусіла быць”.

Адрозна ад іншых жанраў выяўленчага мастацтва, менавіта кніжная графіка ў найбольшай ступені ўплывае на разьвіцьцё нацыянальнае сьведамасьці, бо яна даступнейшая. Прыкладам, жывапіс ці станкавую плястыку паглядзець можна адно ў галерэях ці музэях.

Нам мала што засталося ад эпохі Адраджэньня: колькі лічаных твораў жывапісу, рэшткі скульптураў ды колішніх помнікаў дойлідзтва. Затое кніжная графіка зьбераглася куды лепш, дзякуючы шматлікім паўторам. Таму тую эпоху яна данесла да нас найлепш. А што можа распавесьці пра нашую эпоху сучаснае мастацтва кнігі? Адказвае Міхал Баразна:

(Міхал Баразна: ) “Найлепшыя помнікі кніжнае графікі адлюстроўваюць сваю эпоху. І сёньняшнія маладыя мастакі – Павал Татарнікаў, Юры Алісевіч, Юры Гардзіёнак – ствараюць творы, што адлюстроўваюць і іх сьветапогляд, і наш час. Мяркуючы па тым, што іх адзначаюць міжнародныя журы на самым высокім узроўні, іх творы адлюстроўваюць і нашу эпоху, і стан рэчаў”.

Справа ў тым, што той самы пэрыяд, што ўзяў да разгляду Міхал Баразна, – гэта пэрыяд паўставаньня й росквіту найноўшае нацыянальнае школы графікі. Менавіта ў гэты пэрыяд сьцьвердзіліся яе галоўныя рысы – унурлівы пошук этнічнае плястыкі, рамантызм і імітацыя канфлікту.

(Сяргей Харэўскі: ) “Чым найноўшая графіка адрозьніваецца ад тае пары, пра якую вы выдалі кнігу?”

(Міхал Баразна: ) “Па-першае, іхная тэхналёгія стала больш багатай, чым у іх папярэднікаў. Актыўна выкарыстоўваецца кампутарная тэхніка, нетрадыцыйныя тэхналёгіі, багата каляжнасьці. Ну і другое – літаратура, якую цяпер афармляюць маладыя аўтары, яна стала больш разнастайная... Маладыя мастакі больш шырока глядзяць на літаратуру, афармляюць і Шэксьпіра, і сучасных маладых аўтараў беларускіх.

І яшчэ адна акалічнасьць, якая адрозьнівае сучасную кніжную графіку: прамых цытат, пераасэнсаваньня беларускага этнаграфізму ўжо не назіраецца. Відаць, той час прайшоў. Цяперашнія формы пераасэнсаваньня сталі больш шырокія і больш глыбокія”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Цалкам зразумела, што вы прысьвяцілі асобную главу змаганьню беларускага народу супраць фашызму, але чаму вы не ўставілі кніжную камуністычную графіку? Над агітацыйнай і прапагандысцкай літаратурай працавалі ўсё тыя ж найлепшыя мастакі...”

(Міхал Баразна: ) “Я нават ва ўводзінах да кнігі напісаў, што для дасьледаваньня абраныя пэўныя кнігі. Нягледзячы на свае высокія паліграфічныя якасьці, я ня браў творы палітычнай кан’юнктуры. Я не аналізаваў, напрыклад, афармленьне твораў Брэжнева беларускімі мастакамі. Толькі мастацтва мяне цікавіла”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Існуе меркаваньне, што росквіт беларускай графікі прыпаў менавіта на 1980-я гады, гэта зьвязваюць і з магутным заказам, і з пляядай маладых амбітных творцаў. Ці праўда гэта?”

(Міхал Баразна: ) “Абсалютная праўда, што росквіт. Я думаю так: гэта пляяда майстроў-графікаў. Па-другое – значную ролю ў фармаваньні беларускае школы графікі адыгралі выпускнікі іншых ВНУ – маскоўскіх, украінскіх, літоўскіх. Наступнае – тэматычныя пляны выдавецтваў, як гэта ні дзіўна, былі больш разнастайныя. Там было шмат народных казак, там было шмат літаратуры сучаснай. І гэта было вельмі цікава з гледзішча мастацкай практыкі – афармляць літаратуру такую”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Пры канцы 1970-х і ў 1980-я гады кніжная графіка адыграла вялікую ролю ў станаўленьні нацыянальнае сьведамасьці беларусаў. Ці можа сучасная графіка адыграць гэткую ж ролю?”

(Міхал Баразна: ) “Гэта пытаньне ўнівэрсальнае, яно тычыцца ня толькі графікі, яно тычыцца любога мастацтва і сродкаў яго тыражаваньня праз сродкі камунікацыяў. Будуць тыражы – будзе й роля. Само мастацтва сваёй традыцыі, сваёй пазыцыі ня страчвае”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Выглядае, што ў блізкай пэрспэктыве вялікіх накладаў беларуская кніга не дачакаецца. А якім тады наогул будзе лёс кніжнага мастацтва?”

(Міхал Баразна: ) “Быў пэўны перапынак у разьвіцьці. Але цяпер прыйшло новае пакаленьне, якое акумулюе ў сабе ўсё: і дызайн, і тыпаграфіку, і кампутарныя тэхналёгіі. І мне здаецца, што яны ў стане давесьці, што ў 1980-я гады быў не выпадковы ўсплёск высокага мастацтва кніжнае графікі, але натуральная зьява, і яны працягнуць найлепшыя традыцыі.

Але я ўпэўнены, што такога шырокага прадстаўніцтва беларускага кніжнага мастацтва ў прасторы больш ня будзе, бо зьявіліся новыя мэдыі, новыя формы засваеньня ведаў. І гэта тычыцца ня толькі беларускай, але й іншых школаў эўрапейскае графікі. Кнігі будуць, але такой колькасьці шыкоўных добрых выданьняў мы назіраць ужо ня зможам”.

(Сяргей Харэўскі: ) “Выходзіць, мастацтва беларускае кнігі зноў стаіць на парозе новага росквіту. Рыхтык, як сарэбраны век мусіць зьмяніць век залаты. Ці праўда, што неўзабаве пра гэта зьявіцца новая кніга?”

(Міхал Баразна: ) “Шчыра кажучы, у мяне ў стале ляжаць яшчэ два гатовыя рукапісы”.

Міхал Баразна ў сваёй кнізе вельмі дакладна акрэсьліў крыніцы беларускага нацыянал-рамантызму ў графіцы, у эпоху яе росквіту. Ён быў справакаваны выданьнем альбомаў Лявона Баразны, прысьвечаных гравюрам Скарыны, і фотаальбому Міхася Раманюка “Беларускае народнае адзеньне”. А таксама імклівым разьвіцьцём гістарычнай і дзіцячай літаратуры.

Але й самі мастакі былі ініцыятарамі фармаваньня нацыянальнае сьведамасьці. Кулік, Басалыга, Савіч, Селяшчук, Купава зьбіралі й зьберагалі помнікі нашае культуры, адкрыта выступалі ў абарону беларушчыны. Ці не таму кнігі, зробленыя імі, успрымаюцца як акт стварэньня нечага большага, чым чыстае красы?

Адрозна ад іншых мастакоў, графікі-кніжнікі цяпер ці ня самыя запатрабаваныя. Ім знаходзіцца пакуль дзе і з чаго зарабіць. Адно што кшталтаваць нацыянальную сьведамасьць ім выпадае ўсё радзей. Можна суцяшаць сябе тым, што ад гэтага яны ня робяцца горшымі мастакамі. Але была эпоха, калі іхная роля ў гартаваньні нацыі была выключнай. Тая эпоха, мінулага ўжо стагодзьдзя, якой прысьвечаная кніга Міхала Баразны.