ВІЦЕБСКІМ МІЛІЦЫЯНТАМ ЗА НЯЎПЛАТУ АДКЛЮЧЫЛІ ТЭЛЕФОНЫ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Яшчэ некалькі месяцаў таму супрацоўнікі “Віцебскаблтэлекаму” мусілі ўвесьці новую паслугу – асабіста нагадваць сваім абанэнтам пра неабходнасьць своечасова аплачваць рахункі за тэлефонную сувязь – у прыватнасьці, тым, чые рахункі за месяц перавышаюць 10 тысяч рублёў. Пры гэтым гаспадарам кватэрных тэлефонаў ветліва пагражалі адключэньнем.

Але, як высьветлілася, найбольш запазычыліся сувязістам якраз не прыватныя ўладальнікі тэлефонаў ды мадэмаў, а юрыдычныя асобы ды цэлыя арганізацыі – у тым ліку ўпраўленьне ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму ды раённыя аддзяленьні міліцыі. За гэта былі пазбаўленыя тэлефоннай сувязі галоўны бугальтар абласнога міліцэйскага ўпраўленьня (запазычанасьць склала 2 мільёны рублёў) ды яшчэ некалькі супрацоўнікаў з Чыгуначнага ды Кастрычніцкага раённых аддзелаў.

Магчыма, гэта простае супадзеньне, але гэтымі самымі днямі сувязісты адчулі пільную ўвагу з боку віцебскай ДАІ – толькі 3 красавіка былі пазбаўленыя правоў адразу дзевяць супрацоўнікаў “Віцебскаблтэлекаму”.