Пастанова ўрадавай камісіі дазваляе вярнуцца ў эфір Яўгенію Кісялёву і групе іншых журналістаў, якіх пачалі перасьледаваць, калі Пуцін стаў прэзыдэнтам. Аднак журналісты аб’ядналіся з Крамлём, што выклікала сумненьні ў незалежнасьці новага тэлеканалу.
Кіраваць тэлеканалам будуць былыя крытыкі Крамля (такія як Кісялёў) разам зь бізнэсоўцамі, сярод якіх алігархі, якія маюць сувязі ў Крамлі, напрыклад, губэрнатар Чукоткі Раман Абрамовіч.
Паведамляецца таксама, што Пуцін дамогся, каб у кіраўніцтва каналам ўлучылі былога прэм’ер-міністра, а цяпер саюзьніка Пуціна Яўгенія Прымакова і кіраўніка Расейскага саюзу прамыславікоў і прадпрымальнікаў Аркадзія Вольскага.
Зьяўленьне ў Кісялёва падобных партнэраў, – піша “Washington Post,” – даволі дзіўнае, бо летась ён і ягоныя журналісты масава сышлі з тэлеканалу НТВ, каб ня трапіць пад “захоп каналу пры падтрымцы дзяржавы”. Наступным месцам іхнай працы стаўся тэлеканал “ТВ-6”, які пазьней, на думку Кісялёва, пазбавілі эфіру не без удзелу Крамля.
Учора частата тэлеканалу “ТВ-6” была выстаўленая на конкурс, і некаторыя ўдзельнікі (іх было 12) былі не задаволеныя, што вынік конкурсу быў перадвызначаны Крамлём. Таксама, на іхную думку, каманда Кісялёва наўрад ці зможа кіраваць тэлеканалам без умяшальніцтва з боку ўраду.
Адзін зь сяброў конкурснай камісіі прызнаў, што каманду Кісялёва склалі ў Крамлі, і падкрэсьліў, што ў часе разгляду ейнай заяўкі выказваліся сумненьні ў тым, ці змогуць журналісты працаваць незалежна.
“Няма ніякіх сумненьняў. Прэзыдэнт Пуцін безумоўна мае дачыненьне да канчатковага складу групы Кісялёва”, – сказаў сябра камісіі, журналіст Уладзімер Позьнер і дадаў, што ўлучэньне ў ейны склад Прымакова і Вольскага было ўдалым прэзыдэнцкім ходам, накіраваным на забесьпячэньне кантролю над дзейнасьцю журналістаў.
Што ж да самога Кісялёва, то на пытаньне, ці ўпэўнены ён у тым, што новы тэлеканал зможа працаваць без палітычнага ўмяшаньня, адказаў: “Пажывем – пабачым”.