НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ

Сяргей Шупа, Вільня

Мініятурныя датчыкі, імплянтаваныя ў галоўныя нэрвы левай рукі дасьледніка, падаюць сыгнал на радыёпрыймач-перадатчык, які дасылае інфармацыю на кампутар. Кевін Ўорык спадзяецца расшыфраваць сыгналы, атрыманыя ў выніку пэўных рухаў рукі, і аднавіць гэтыя рухі, кіруючы імі з кампутара.

НЬЮ-ЁРК. “Сонік Крузэр”, новы самалёт кампаніі “Боінг”, будзе зроблены з плястыку. Імкнучыся да большай эфэктыўнасьці самалёта, які будзе лётаць на 15-20% хутчэй за іншыя авіяляйнэры, інжынэры “Боінгу” пастанавілі, што каля 60% ягоных канструкцыяў, улучна з крыламі, будуць зробленыя з плястыку, умацаванага вугляродзістым валакном – рэчыва лягчэйшага і ня менш трывалага за алюміній. Такі плястык выкарыстоўваецца ў авіяцыі ад 1970-х гадоў, і адна з найноўшых мадэляў – “Боінг-777” – складаецца зь яго на 10%. “Сонік Крузэр” будзе ўведзены ў эксплюатацыю ў 2006-2008 гадох.

КЕМБРЫДЖ (ШТАТ МАСАЧУСЭТС). Амэрыканскія дасьледнікі з Масачусэцкага Тэхналягічнага Інстытуту распрацавалі першага ў сьвеце робата ваеннага карэспандэнта. Робат, які працуе на сонечных батарэях, можа браць інтэрвію, запісваць выявы і гукі, а таксама дасылаць матэрыялы зь небясьпечных рэгіёнаў. Робат, названы “Афганскім дасьледнікам”, распрацаваны на базе “Марсіянскага дасьледніка” з касьмічнай праграмы NASA. Ён абсталяваны відэаэкранам, дзьвюма камэрамі, цеплавымі і сьветлавымі сэнсарамі, а таксама сыстэмай перадачы аўдыё- і відэасыгналаў.

НОРФАЛК (ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ). Кампанія “Лотус” распрацоўвае аўтамабіль з “разумным” маторам. Калі аўтамабіль трапляе ў затор, матор аўтаматычна адключае два цыліндры і скарачае хуткасьць, а калі машына выяжджае на адкрытую прастору, матор вяртаецца да поўнае сілы. Такім чынам на 20% скарачаецца спажываньне паліва і на 90% зьмяншаецца выкід адпрацаваных газаў. Ужываньне гэтай сыстэмы – сыстэмы актыўнага клапана – дазволіць спалучыць у адной мадэлі магутнасьць і эканомнасьць.

ТОКІЁ. Кампанія “Мацусіта” прадэманстравала новую мадэль робата-пыласоса. Прылада велічынёю ў футбольны мяч забясьпечаная 50 гукавымі й інфрачырвонымі сэнсарамі, якія дапамагаюць абмінаць перашкоды. Робат вылічае памеры пакою, сьпярша аб’яжджаючы яго вакол, а пасьля езьдзіць простымі лініямі па вэртыкалі й гарызанталі, захапляючы ўсю паверхню падлогі. Фірма зьбіраецца распачаць масавую вытворчасьць робатаў-пыласосаў коштам каля 3 тысяч даляраў праз 2-3 гады.