НАМЕСЬНІК ДЗЯРЖСАКРАТАРА РАДЫ БЯСЬПЕКІ НЯ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ПАТРЭБНАЯ МІЖНАРОДНАЯ КАМІСІЯ ДЛЯ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯ СПРАВАЎ ЗЬНІКЛЫХ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Удовікаў: ) "Пэўныя вынікі ёсьць, расьсьледаваньні вядуцца".

Намесьнік дзяржсакратара дадаў, што ёсьць падставы казаць пра тое, што ў будучыні гэтыя злачынствы будуць раскрытыя.

Што да ідэі стварэньня міжнароднай камісіі для кантролю за расьсьледаваньнямі гэтых справаў, то Ўдовікаў з гэтым цалкам ня згодны.

(Удовікаў: ) "Гэтая ідэя мною ніяк не ацэньваецца, бо такія камісіі ня маюць ніякага прававога поля".

Нагадаю, летась з прапановай стварыць незалежную камісію выступілі ў Парыжы жонкі зьніклых Ірына Красоўская, Вольга Захаранка, Зінаіда Ганчар і Сьвятлана Завадзкая. Яны лічаць, што беларускія ўлады ня здольныя забясьпечыць эфэктыўнае расьсьледаваньне гэтых справаў і нават наўмысна хаваюць ад грамадзкасьці праўду, і таму патрэбны кантроль незалежных экспэртаў.

Гэтая ідэя яшчэ не рэалізаваная, аднак яна шырока абмяркоўваецца. Эўрапейскія структуры ўжо запрасілі жонак зьніклых апазыцыянэраў у Страсбург, на паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі дзеля адпаведных кансультацыяў. Але ўлады Беларусі катэгарычна не жадаюць знаёміць эўрапейскіх экспэртаў з вынікамі расьсьледаваньняў і ўвогуле рабіць расьсьледаваньні празрыстымі для грамадзкасьці.

Міхаіл Удовікаў паведаміў, што на заўтрашняй калегіі міністэрства ўнутраных справаў зноў будзе абмяркоўвацца праблема зьнікненьня людзей. Нагадаю, паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі зараз вядуцца пошукі больш як 2 тысяч зьніклых. Штогод становяцца вядомымі зьвесткі пра прыкладна 1 тысячу зьніклых, але агульная колькасьць людзей, якіх шукаюць, не зьмяншаецца.

Гэтая бяда ўласьцівая і для іншых краінаў, але нідзе ў Эўропе, апроч Беларусі, бясьсьледна не зьнікаюць вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы. Вось ужо амаль тры гады беларускія праваахоўчыя органы беспасьпяхова шукаюць былога міністра унутраных справаў Юрыя Захаранку, амаль два з паловай гады — вядомых апазыцыянэраў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, ледзь ня два гады вядуцца пошукі апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Два месяцы таму да гэтага сумнага сьпісу далучыўся вядомы апазыцыянэр зь Віцебску Юрась Корбан.