“ЗУБРОЎЦАЎ” АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА І МАКСІМА ДВАРЭЦКАГА АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У ДРОБНЫМ ХУЛІГАНСТВЕ

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Удзельнікаў руху супраціву “Зубр” Андрэя Зайцава і Максіма Дварэцкага абвінавачваюць у зьдзяйсненьні дробнага хуліганства. Паводле меркаваньня міліцыянтаў, гэтыя юнакі пакінулі на сьценах дамоў надпісы “Жыве Беларусь” і “Зубр” і малюнак бел-чырвона-белага сьцяга.

Як паведаміліла прэсавая служба руху “Зубр”, пры канцы Дня Волі іхныя сябры вырашылі прайсьці па Магілёву і павіншаваць людзей са сьвятам. Але зараз цяжка сказаць, хто маляваў графіці. Абвінавачаньне трымаецца на сведчаньнях двух падпітых мінакоў, якія бліжэй да ночы вярталіся дахаты.

Менавіта яны і справакавалі выклік міліцыі. Маладыя мінакі непадалёк ад сьценаў з графіці сталі абражаць спадароў Зайцава і Дварэцкага і распачалі бойку. Ува ўчастак павезьлі ўсіх, але ініцыятараў бойкі вызвалілі. Вось што распавёў пра дзеяньні міліцыянтаў сьведка канфлікту, “зубровец” Алег Мяцеліца.

(Мяцеліца: ) “Калі іх забіралі адразу, усё было паводле закону. Забралі і нашых, і тых хлопцаў. А потым у пастарунку яны ўбачылі, кім ёсьць гэтыя хлопцы, бо знайшлі ў іхных кішэнях “зуброўскія” налепкі і ўсё іншае. Тады тых п’яных хуліганаў, якія нават абражалі міліцыянтаў, папрасілі напісаць заяву, што яны нібыта бачылі, як хлопцы малявалі. А нашых хлопцаў пакідаюць”.

Сёньня юнакі адказалі на пытаньні судзьдзі, але выраку не дачакаліся. Суд перанесьлі на заўтра, бо тых жа мінакоў, асноўных сьведкаў абвінавачаньня, так і не змаглі знайсьці.

Затрыманьне Андрэя Зайцава і Максіма Дварэцкага — не адзіны факт перасьледу магілёўскіх “зуброўцаў”. З палітэхнікуму адлічаны навучэнец Аляксандар Паўловіч, адзін зь пяці шклоўскіх “зуброўцаў”, якіх дваццаць дзён таму аштрафавалі за абразу гонару і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ адзін удзельнік руху Аляксандар Каліта таксама апынуўся па-за сьценамі тэхнікуму. Адміністрацыя спачатку не дапусціла іх да здачы залікаў, а потым на гэтай падставе адлічыла.