У СУДЗЕ ЦЭНТРАЛЬНАГА РАЁНУ МЕНСКУ СУДЗІЛІ ЗАТРЫМАНЫХ УДЗЕЛЬНІКАЎ СЬВЯТОЧНАГА ШЭСЬЦЯ Ў ДЗЕНЬ ВОЛІ

Любоў Лунёва, Менск

Затрыманыя Зьміцер Таруліс, Аляксей Смольскі, Валер Герасімаў, Вячаслаў Сіўчык, Леанід Садоўскі, Пётр Русаў, Аляксандар Шавяленка, Цімафей Дранчук, Андрэй Талстыка, Эдвард Зайкоўскі, Сяргей Трыфанаў, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Бандарэнка, Уладзіслаў Ігнатовіч, Мікола Лавіцкі, Андрэй Гумін, Андрэй Ачапоўскі, Кірыл Папкоў, Юрась Пальчэўскі, Павал Севярынец, Віктар Кавешнікаў, Андрэй Ляховіч, Сяргей Новікаў і Сяргей Бязьдзенежных — усяго 24 чалавекі.

Разам зь імі павінны былі прывезьці й Зьмітра Карпенку. Але ўчора яго моцна зьбіў камандзір АМОНу падпалкоўнік Падабед. Юнака адвезьлі ў чацьвёрты клінічны шпіталь са страсеньнем мозгу.

Судзьдзі Натальля Вайцяховіч і Тацяна Паўлючук папярэджвалі, штрафавалі і арыштоўвалі затрыманых.

Сяргей Трыфанаў, малады лекар Гомельскага абласнога псыхіятрычнага шпіталю, аштрафаны на 20 мінімальных заробкаў. У судовай залі ён паведаміў Радыё Свабода:

(Трыфанаў: ) "Я прыехаў не спэцыяльна. У Менску часова. Я тут на курсах падвышэньня кваліфікацыі. Я прыйшоў сьвядома на гэтае мерапрыемства. Прысуд я не лічу справядлівым, таму што насамрэч ніякіх беспарадкаў я не рабіў, нікога не зьневажаў. Я выкарыстаў сваё канстытуцыйнае права выказаць сваю палітычную волю".

Актывіста Маладога Фронту Зьмітра Дашкевіча арыштавалі на 10 сутак. Ён правядзе іх у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец папрасіў адваката, таму суд перанесьлі на заўтра.

(Севярынец: ) "Учора трымалі ўвесь дзень у райаддзеле, потым завезьлі на Акрэсьціна. А 10 гадзіне раніцы павезьлі на "аўтазаку" ў суд. Спачатку было зусім немагчыма. Спачатку 11 чалавек сядзелі ў адным вузкім аддзеле. Іншых таксама жудасна расьпіхалі. Практычна нацысцкія парадачкі ўвогуле, шчыра кажучы. Але, праўда, адзін такі сапраўдны Дзень Волі варты такіх сутак, ды й 10 і 15 сутак арышту. Мы будзем змагацца. Гэты рэжым мы звалім, таму што тое, што робіцца зараз у Беларусі — гэта папросту немагчыма".

Зьміцер Бандарэнка таксама запатрабаваў адваката:

(Бандарэнка: ) "На Акрэсьціна, здаецца было ўсё няблага, але тое, што ў Цэнтральным РУУСе — поўны "беспредел". Некаторых людзей зьбівалі. Мяне затрымалі абсалютна не на месцы шэсьця. Я назіраў за шэсьцем у якасьці праваабаронцы з другога боку праспэкту. Амонаўцы ўсё роўна сьцьвярджалі, што мяне затрымалі падчас шэсьця. Таму, на ўсялякі выпадак, я суткі трымаў сухую галадоўку. Калі б мяне асудзілі, то я б працягнуў сухую галадоўку і надалей".

Шэсьць затрыманых жанчын павінны самастойна наведаць суд заўтра. Міліцыянты ўчора вырашылі не адвозіць іх у спэцпрыёмнік, а ўручылі ім позвы ў суд.