Міколу Статкевіча трымаюць у камэры, разьлічанай на восем чалавек. Разам зь ім яшчэ адзін зьняволены, арыштаваны за дробнае хуліганства. На сьняданак Мікола атрымлівае шклянку гарбаты, талерку кашы, кавалак батона і чорнага хлеба. На абед са сталоўкі будаўнічага тэхнікуму прывозяць суп, кашу з катлетай і гарбату. Вячэра складаецца толькі з гарбаты й хлеба. Сёньня паплечнікі лідэра сацыял-дэмакратаў прынесьлі яму харчовую перадачу і газэты.
Смурод у спэцпрыёмніку пэрсанал патлумачыў дэзынфэкцыяй.
Сумнавядомы спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна месьціца ў пяціпавярховым будынку. Тэрыторыя спэцпрыёмніка агароджаная вялікай цаглянай сьцяной. Акрамя гаражоў і хлеўчукоў, на гэтай тэрыторыі месьціцца й прыёмнік для дзяцей. Раней кантынгент разьмеркавальніка быў даволі ўстойлівы — так званыя бамжы, п'яніцы й дробныя хуліганы.
З прыходам Лукашэнкі да ўлады пэрсанал гэтай установы сутыкнуўся з катэгорыяй грамадзянаў, якія б ніколі ня трапілі ў гэтыя сьцены раней. У 1996—1997 гадах, калі падчас масавых апазыцыйных акцыяў пратэсту затрымлівалі часам больш за 300 чалавек, месцаў у камэрах не хапала. Дробным хуліганам шчасьціла — іх датэрмінова выпускалі, каб вызваліць месцы для так званых "палітычных". У прыёмніку сядзелі да суду і пасьля яго студэнты прэстыжных менскіх унівэрсытэтаў, прафэсары, навукоўцы, вядомыя пісьменьнікі й мастакі. Няма амаль ніводнага лідэра апазыцыйнай палітычнай партыі, які б не сутыкнуўся з гэтай установай.
(Лявон Баршчэўскі: ) "Раней я ня ведаў пра існаваньне такога спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна. Давялося туды патрапіць упершыню пасьля Чарнобыльскага шляху 1996 году. Там сабралася даволі інтэлігентная публіка: скульптары, мастакі, пісьменьнікі. Першыя тры дні былі такія вельмі інтэлектуальна насычаныя. Размаўлялі. Горш, калі трапляеш адзін у камэру, дзе дванаццаць чалавек з ранейшага кантынгенту. Канечне, мы ня ведалі свайго лёсу, бо, калі першы раз трапляеш, незразумела, што рабіць.
Але мы так сябравалі, размаўлялі, дзяліліся ўспамінамі. Адзін з тых людзей, што знаходзіліся ў камэры, расказваў, што раней гэтую вязьніцу афармляў як мастак. Ленінскі пакой на верхнем паверсе... Ніколі ня думаў, што сам патрапіць на два паверхі ніжэй. Канечне, было цеснавата. Было людзей больш, чым мусіць быць паводле іхных нормаў. Мы паварочваліся з боку на бок па камандзе й не адчувалі гэта такім цяжарам. Хаця там было пару чалавек падсадных, якіх мы хутка вылічылі".
Супрацоўнікі прыёмніка тады казалі, што ніколі раней затрыманыя не размаўлялі зь імі так ветліва і інтэлігентна. Самі міліцыянты былі зьбянтэжаныя гэтым. Валеры Шчукін, які часьцей за ўсіх наведваў спэцпрыёмнік, лічыць, што паўплываў на парадак дня і дабіўся, каб затрыманых кармілі кожны дзень незалежна ад таго, працуюць яны на вуліцы ці не.
(Валеры Шчукін: ) "У спэцпрыёмніку вельмі дрэнна ставіліся да затрыманых грамадзянаў. мне давялося трохі іх там прывучыць да парадку. Напрыклад, сталі даваць лыжкі цэлыя, а не сапсаваныя, сталі цікавіцца станам здароўя — ці можна чалавека трымаць у прыёмніку. Паколькі я маю высокі афіцэрскі чын, патрабаваў, каб "абслуга" паводзіла сябе карэктна. У маёй прысутнасьці ня лаяліся".
Калі не адбываюцца апазыцыйныя акцыі, у спэцпрыёмніку ўтрымліваюць, як і раней, бамжоў ды хуліганаў. Але зьявілася і новая катэгорыя — так званыя "валютчыкі". Яны паводле дэкрэту Лукашэнкі таксама адбываюць тут арышты.
Сёньня ў спэцпрыёмніку ішоў рамонт. Ён пакуль не закрануў камэры арыштаваных. Наверсе клеяць шпалеры ў кабінэтах адміністрацыі, а памяшканьне дзяжурнай часткі ашалявалі так званымі эўрапанэлямі. Супрацоўнікі спэцпрыёмніка пажартавалі, што ўжо амаль падрыхтаваліся годна сустрэць новых апазыцыянэраў.