НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ

Сяргей Навумчык, Прага

У гэтым доме заснавальнік легендарнай групы “Бітлз” жыў з 1945 году, калі пераехаў да цёткі Мімі (як вядома, Джон Ленан жыў асобна ад маці), да 1963 году, калі зрабіўся сусьветна вядомым выканаўцам. Менавіта ў гэтым доме была напісаная адна з найбольш вядомых кампазыцыяў “Бітлз” – “Please Please Me”.

Паводле словаў апошняга ўладальніка дома, жыцьцё ў ім зрабілася невыносным з-за няспыннага патоку турыстаў. Некаторыя зь іх прабіраліся ў дом і забіралі рэчы, набытыя за апошнія гады і якія, натуральна, да Джона Ленана ня мелі ніякага дачыненьня.

Выглядае, што гаспадар вырашыў кампэнсаваць гэтыя маральныя і матэрыяльныя страты ды запытаў за дом удвая больш, чым ён быў ацэнены агенцтвам нерухомасьці. Амаль год пакупніка не знаходзілася, і гаспадар быў вымушаны зьменшыць цану. Паводле крыніцаў “ВВС”, дом набыты за 214 тысяч даляраў, што лічыцца звычайным коштам двухпавярховага будынку ў прыгарадзе Лівэрпуля.

Прыхільнікі “Бітлз” спадзяюцца, што неўзабаве ў доме будзе музэй Джона Ленана. Гэтымі ж днямі прынялі рашэньне пра наданьне міжнароднаму аэрапорту Лівэрпуля імя Джона Ленана.


Нью-Ёрк. Вядомая амэрыканская актрыса і сьпявачка Лайза Мінэлі чацьверты раз пабралася шлюбам – гэтым разам з прадусэрам Дэвідам Хэстам. Цырымонія прайшла ў Нью-Ёрку на Пятай авэню. На цырымоніі прысутнічалі Джына Лалабрыджыда і Элізабэт Тэйлар, якая апошнім часам рэдка зьяўляецца ў грамадзкіх месцах з прычыны хваробаў.

Сусьветную вядомасьць Лайзе Мінэлі прынесла роля ў фільме “Кабарэ”, сюжэт якога разгортваецца ў Нямеччыне пачатку 1930-х гадоў, падчас прыходу да ўлады фашысты. За ўдзел у гэтым фільме, які выйшаў на экраны трыццаць гадоў таму, Мінэлі атрымала “Оскар” – найвышэйшую ўзнагароду Амэрыканскай акадэміі кінамастацтва.


Лёндан. Моладзевы поп-ідал, 23-гадовы Ўіл Янг трэці тыдзень трымае лідэрства ў брытанскіх гіт-парадах. На гэты момант ягоны двайны альбом “Anything is Possible” (“Што-небудзь магчымае”) разышоўся накладам паўтара мільёна асобнікаў.


Хрудзім. У гэтым невялікім чэскім гарадку адкрылася выстава каляровых літаграфіяў Марка Шагала. Упершыню ў Чэхіі экспануюцца адразу ўсе 43 літаграфіі знакамітага шагалаўскага “біблейскага цыклю”, які мастак стварыў на мяжы 1950-х і 1960-х гадоў.


Лёндан. Брытанская бібліятэка зьвярнулася па дапамогу да мэцэнатаў, каб набыць калекцыю манускрыптаў Каралеўскага філярманічнага таварыства. Дзеля гэтага спатрэбіцца мільён фунтаў, прычым большая частка грошай ужо сабраная. Калекцыя манускрыптаў назапашвалася стагодзьдзямі, складаецца яна з больш як 200 рукапісаў вялікіх кампазытараў і выканаўцаў. Сярод іх – поўны аўтарскі рукапіс Дзявятай сымфоніі Бэтховэна, а таксама ягоны ліст, дасланы ў Каралеўскае таварыства за дзевяць дзён да сьмерці. Тут жа і рукапіс Першай сымфоніі Мэндэльсона.

Цяпер у Каралеўскага таварыства няма сродкаў, каб захоўваць манускрыпты ў належных умовах, аднак яно адмовілася прадаваць калекцыю іншаземным і прыватным пакупнікам – вырашана, што рукапісы мусяць застацца ў Лёндане і быць даступнымі для дасьледчыкаў.