МАЙКЛ КОЗАК: ФАКТЫ Ў СПРАВАЗДАЧЫ ПА ПРАВОХ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ ГАВОРАЦЬ САМІ ЗА СЯБЕ

Валер Каліноўскі, Менск

Штогадовыя справаздачы Дзярждэпартамэнту пра стан правоў чалавека ў краінах сьвету рыхтуюцца на замову Кангрэсу з 1977 году. Сёлетняя справаздача ахоплівае 195 краінаў. Паводле словаў Майкла Козака, перашапачатковы праект справаздачы, які датычыць Беларусі, рыхтавала амбасада ЗША ў Менску, якая з розных крыніцаў зьбірала інфармацыю. Потым гэтыя зьвесткі пільна вывучаліся ў Вашынгтоне, аналізаваліся, дапаўняліся інфармацыяй амэрыканскіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў.

Спадар Козак запэўніў, што галоўныя крытэры ў падрыхтоўцы гэтых справаздачаў — аб'ектыўнасьць, дакладнасьць і непрадузятасьць:

(Козак: ) “Я не хачу камэнтаваць зьмест спрваздачы, таму што вы яе можаце пачытаць, і калі мы зрабілі сваю працу добра, факты будуць гаварыць самі за сябе”.

Спасылаючыся на пазыцыю Дзярждэпартамэнту ЗША, амбасадар Козак заявіў, што падзеі 11 верасьня не пахіснулі прыхільнасьці ўраду ЗША да правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў. Наадварот, гэтыя падзеі яшчэ больш узмацнілі рашучасьць садзейнічаць забесьпячэньню гэтых правоў для людзей ва ўсім сьвеце.

Майкл Козак паведаміў, што ЗША маюць намер пашыраць свае праграмы дапамогі іншым краінам у справе паляпшэньня сытуацыі ў галіне правоў чалавека. Гаворыць Майкл Козак:

(Козак: ) “Сёлета Злучаныя Штаты і нашыя партнэры сярод іншых краінаў вядуць барацьбу з тэрарызмам, на гэта выдаткоўваюцца рэсурсы. Мы гэта робім дзеля ўсіх тых, хто паважае і імкнецца забясьпечыць выкананьне правоў чалавека і прынцыпаў дэмакратыі. Нашая барацьба з тэрарызмам не супярэчыць нашай занепакоенасьці правамі чалавека, гэта частка больш шырокай барацьбы за дэмакратыю. Як сказаў прэзыдэнт Буш, Амэрыка будзе у лідэрах, абараняючы свабоду і справядлівасьць, паколькі гэтыя каштоўнасці праўдзівыя ды нязьменныя для людзей паўсюль”.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, які быў на прэзэнтацыі справаздачы, мяркуе, што важнасьць гэтага дакумэнту ўзрастае з году ў год і што да яго вымушаныя прыслухоўвацца ўлады Беларусі.

(Бяляцкі: ) “Агульныя высновы — і нашая, і Дзярждэпартамэнту — фактычна супадаюць. І мы, і яны яшчэ раз зазначаем, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася, а па некаторых паказьніках яна стала яшчэ горшай. Улады не ідуць ні на які дыялёг з дэмакратычнай грамадзкасьцю Беларусі, і ўвесь рэпрэсіўны апарат улады накіраваны на падаўленьне дэмакратычных памкненьняў беларускага грамадзтва”.

МЗС Беларусі адрэагаваў на зьяўленьне Справаздачы Дзярждэпартамэнту заявай пра тое, што правы чалавека парушаюцца і ў ЗША, дзе 2 мільёны грамадзянаў знаходзяцца ў турмах. Актывіст "Хартыі-97” Людміла Гразнова лічыць гэтую заяву двурушнай:

(Гразнова: ) “Перш-наперш трэба ім прыйсьці ў нашую турму. Трэба было прыйсьці ў турму да Шчукіна і паглядзець, у якіх умовах ён там быў, і многія-многія тысячы, дзясяткі, нават сотня тысяч чалавек. І калі ня ведаюць, у якіх умовах яны там знаходзяцца, як яны гніюць там і хварэюць, то я думаю, што гэта нейкі зьдзек — такая рэакцыя Міністэрства замежных справаў Беларусі”.

Людміла Гразнова назвала справаздачу Дзярждэпартамэнту грунтоўным і ўплывовым дакумэнтам.