КЛЮШЧАНСКІ КУСТ КАЗІМЕРА СВАЯКА

Сяргей Дубавец, Вільня

Ужо колькі гадоў у нашай перадачы мы выпраўляемся на забытыя адрасы культуры. І кожнага разу пераконваемся, што такіх у Беларусі няма. Там можа ня быць памятных знакаў і музэяў, там можа і каменя не застацца ад даўняе сядзібы, нават дрэва з прысадаў. Але заўсёды адшукаеш жывых людзей, якія прыгадаюць тое, чаго не зафіксавалі энцыкляпэдыі і на што навукоўцы даўно махнулі рукой, як на страчаную незваротна спадчыну.

Ёсьць гэткі закон захаваньня беларускае памяці. Абавязкова нехта распавядзе калі ня ўласныя згадкі, дык тое, што казала бабуля, а ёй – ейная маці, а той – яе бацька. Можна толькі зьдзіўляцца стогадоваму дзеду, што ў добрым розуме прыгадвае, як хадзіў у школку разам з Уладзімерам Жылкам, або адшукаць кабету, якой Аркадзь Куляшоў прысьвяціў свой знакаміты юнацкі верш "Бывай", або нават двайніка Дуніна-Марцінкевіча сустрэць у Люцінцы ці арандатара Аляксандра Ўласава ў Мігаўцы.

У Беларусі так. Заўсёды знойдзецца той, хто памятае. І нашы нібыта забытыя адрасы культуры – гэта толькі подступы да калясальнага рэсурсу, да жывога нацыянальнага архіву, які й на малую долю не запатрабаваны беларускай навукай. Вока дасьледніка хутчэй фіксуе разбураныя сядзібы, бажніцы, млыны, чым захаваную чалавечую памяць. Ня дзіва, што й патрапляем мы ў тыя жывыя архівы найчасьцей раптоўна.

Сёньня – яшчэ адзін доказ такой высновы. Наш сталы аўтар Зьміцер Бартосік зусім выпадкова патрапіў у закінутую лясную капліцу, дзе некалі правіў службы беларускі сьвятар Кастусь Стэповіч, вядомы яшчэ як паэт Казімер Сваяк.

(З.Бартосік: ) "Стоячы нядаўна на памежным пераходзе празь беларуска-літоўскую мяжу, я з задавальненьнем назіраў, як афіцэр-памежнік зьбіваў пыху зь нейкага расейскага, ня ў меру фанабэрыстага братка. Галоўным інструмэнтам выхаваньня славянскага брата афіцэр абраў беларускую мову. Спалучэньне яе з вайсковай уніформай дае безадмоўны эфэкт. Наблатыканы "гаспадар жыцьця" ўмомант становіцца разгубленым замежнікам на чужой тэрыторыі.

Мы пазнаёміліся. І Алесь, а менавіта так клічуць афіцэра, распавёў мне пра яшчэ адзін забыты адрас нашай культуры – капліцу Казімера Сваяка.

Недзе ў памежным лесе, удалечыні ад асноўных трасаў і буйных паселішчаў, там, куды немагчыма дабрацца аўтамабілем, стаіць разбураная шляхецкая сядзіба з радавой капліцай. Падчас першай сусьветнай вайны ў той капліцы, што належала да парафіі Клюшчаны, служыў пробашч Кастусь Стэповіч. Паэт Казімер Сваяк. Якога мы не вывучалі на ўроках беларускай літаратуры. І які ня быў увянчаны афіцыйным німбам літаратурнага клясыка.

Пушча дзе шуміць журліва,
Гальлём хоча сьвет абняці,
Дзе народ глядзіць пужліва,
І дзе плача мая маці –
Там нясуся думкай сумнай
З вачмі зьлітымі сьлязамі,
З музай ціхай, зь лірай струннай:
"Божа, зжалься Ты над намі"...

Бор дзе сіні здаль віднее,
Дзе ўзгоркі, яры, нівы,
Дзе мой брат зь бяды марнее,
Хоць цьвярозы, нелянівы –
Туды нясуць мяне думкі,
Там край родны. Там мы самі
Бярэм лёс у свае рукі,
"Божа, зжалься Ты над намі".

...Мы ехалі з памежнікам Алесем у Клюшчаны. Да ягонага сябры й цёзкі лесьніка Алеся Марозіка, які згадзіўся давесьці нас да закінутай у лесе капліцы...

Дарога з кожным кілямэтрам губляе прыкметы цывілізацыі. Асфальт саступае месца грунтоўцы. Вёскі драбнеюць. Сустрэчных машын няма. Кожны ўбачаны чалавек на глухой дарозе становіцца выразным, быццам кінагерой, узяты буйным плянам. Клюшчаны – апошні населены пункт. Далей дарогі няма. Тупік. Мяжа. Лес. У лесе зараз разьбіраюць чыгунку, што ледзь ня сто гадоў зьвязвала Лынтупы зь Вільняю.

Лясьнік Алесь прыватызаваў палову колішняй школы, адчыненай за Пілсудзкім і зачыненай за Лукашэнкам, ды некалькі гектараў зямлі навокал. Грунтоўны драўляны будынак рупнасьцю гаспадара ператвараецца ў сапраўдны маёнтак. З усімі выгодамі, і з інтэрнэтам у тым ліку. Былая школа стаіць на ўзвышшы, і краявіды з Алесевага акна такія, што не прысьніш. А яшчэ – гаспадарка: ад казьлянятаў да аўто. Ці ня гэта нараджэньне новых арыстакратычных дамоў? Зьдзейсьненая мара аб Новай зямлі? Адказ дадуць лесьніковыя дзеці, Адась і Наста. Якія ўжо ведаюць пра сваю зямлю болей за дарослых дзядзек у далёкім Менску.

Шпацыруючы па мястэчку, лясьнік Алесь паказаў насупраць утульнага касьцёлу, дзе маліўся ксёндз і паэт Стэповіч-Сваяк, руіны немалой сядзібы. Менавіта тут, у хаце Віктара Смаленскага зьбіраўся колішні "Хаўрус сваякоў", слава пра які йшла па навакольлі. Зараз шмат хто вам давядзе, што менавіта тут адбылася першая пастаноўка Купалавай "Паўлінкі". Сам Сваяк пісаў пра гэта наступнае:

"Новы 1916 год. Адбыўся сягоньня так званы "літаратурны вечар" нашага хору. Усе дэклямацыі павяліся як найлепей. Найвыбітнешыя песьняры Беларусі знайшлі тут дастойнае месца. Найболей падабаецца ўсім наш стары Багушэвіч. Яго "Праўда" пакінула на ўсіх тварах сьлед глыбокага задуменьня. "Ой, цяжка. цяжка!" – словы гэтыя ўзятыя з-пад сэрца беларуса".

Вайна, тыф, сьмерць. Бясконцыя службы за супакой душы, перадсьмяротныя споведзі, пахаваньні дзяцей. І ў той самы час –"літаратурныя вечары". Каб гэта зразумець, напэўна, трэба добра ўсьведамляць сэнс таго "Ой, цяжка, цяжка". Каб мець права казаць тое беларускае "цяжка"...

На Клюшчанскіх могілках усё як у Сваяковых запісах:

"Адчыніў я шырокую браму магільніка. Простая палісада дзеліць яго напал. На ўзгорку статуя Маткі Божай з скрыжаванымі рукамі на грудзёх. Дрэў і дрэўцаў галіны прысланяюць рады крыжоў, драўляных, простых. З мокрых пажаўцелых лістоў спадаюць каплі нябеснай расы. Між дрэў найстаршы – клён, пасярэдзіне магільніка. Пад ім яшчэ ніхто не ляжыць. Там месца для мяне..."

Мае праваднікі зьвярнулі ўвагу на адно надмагільле. На прыгожай пліце было напісана: "Беларускі дзяяч-патрыёт. Інжынэр Адольф Клімовіч. Табе божа паклаў я надзею. Хай ня буду адкінуты навекі. Тedeum laudamus. 1900-1970". Як патлумачылі мне мае спадарожнікі, рэдагаваныя Клімовічам агранамічныя часопісы "Самапомач" да гэтае пары ў пашане сярод старых людзей...

Мы ехалі ў лес да той капліцы. Конь Чучмек бег па мокрым сьнезе, зь цяжкасьцю цягнучы нашыя санкі. Лежачы на сене ды аглядаючы палі, блізкі лес, слухаючы гаворку спадарожнікаў, я, гарадзкі жыхар, пачуваўся, быццам на здымках прыгодніцкага кіно пра партызанаў. Пад шоргат палазоў я слухаў сваіх новых сяброў. Гаварыў Алесь-памежнік:

(Алесь: ) "Пад'яжджаем да месца, якое называецца Шайкуны. Некалі было ўладаньне паноў Сволькенаў. Дальнія родзічы якіх паходзяць са Швэцыі. Праехалі вось палісады мы. Палісада каля трох прыблізна кілямэтраў, адлегласьць яе злучала некалі Клюшчаны, касьцёл парахвіяльны з сядзібай Сволькенаў у Шайкунах.

Ад маёнтка нічога не засталося. Засталіся толькі рэшткі ад парку, рэшткі ад сажалкаў, ад мастоў, ад гаспадарчых пабудоваў. І рэшткі ад адной студні. Усё. Ад палаца нават падмуркаў няма на сёньняшні дзень. Толькі ў лесе фамільная капліца Сволькенаў. І ў гэтай капліцы, у той час, як Казімер Сваяк быў пробашчам у Клюшчанскім касьцёле, ён быў парахвіяльным ксяндзом, і ў той капліцы таксама адпраўляў імшу.

Сёньня гэтая капліца разрабаваная, знаходзіцца ў непрыглядным вельмі выглядзе. У дрэнным стане, бяз столі, бяз даху. Толькі сьцены стаяць і рэшткі ад грабоў застаўшыся. Некалі за савецкім часам, распавядалі мясцовыя жыхары, як прыяжджалі савецкія вайскоўцы на бульбакапаньне. Разрабавалі фамільны склеп, павыцягвалі грабы, і такі жарт яшчэ ў іх быў вельмі папулярны. Дасталі маладога пана з гроба. У яго рудыя валасы былі. Ставілі да дрэва. Увечары хто-небудзь па дарозе ішоў, тут якраз дарога праходзіць каля капліцы праз лес, і палохалі. Многія жыхары яшчэ памяталі яго, і нават пазнавалі паніча маладога. І здавалася, як здань нейкая стаіць гэтая ягоная мумія..."

(З.Бартосік: ) "Ці засталася памяць ад дзейнасьці "Хаўруса сваякоў"?"

(Алесь: ) "Старыя людзі памятаюць. Той жа Хадорскі. Хадорскі расказваў, што іх вучылі беларускія песьні касьцельныя. Але ён згадваў не Сваяка, а Клімовіча. Ён, відаць, з гэтай моладзьдзю болей працаваў... З такога маленькага кутка, пара хутароў, – дзясятак дзеячоў агульнабеларускага масштабу.

Толькі сваякоў было чатыры ці пяць братоў. Затым Янка Быліна, псэўданім Івана Семашкевіча, ксяндза. Пасьля Адольф Клімовіч. Гэта ўсё з маленькага кутка Клюшчанскага. Яны сюды багата літаратуры прывозілі. Прывозілі кніжкі лацінкай друкаваныя. Якіх я нават у нацыянальнай бібліятэцы ня бачыў... Ну вось і капліца. Др-р-р-р".

Схаваная сярод ялін капліца паказваецца з дарогі нечакана. І дзякуючы гэтай нечаканасьці ці таму, што месца сапраўды глухое, здаецца вяршыняй архітэктурнай зграбнасьці. Пабудова аскетычна сьціплая. Атынкаваныя сьцены вышынёй мэтраў дзесяць, гатычныя вокны, столь абваленая. Пазіраючы на капліцу з розных бакоў, я злавіў сябе на думцы, што ледзь не ва ўсіх беларускіх руінах не знаходжу прыгажосьці заняпаду. Усе нашыя разбураныя помнікі карціць прывесьці ў першапачатковы выгляд. І палацы ў Ружанах ды Косаве, і сядзібы ў Залесьсі ды Лошыцы, і ўсе зруйнаваныя храмы й гарадзкія кварталы. І гэтую капліцу...

Гледзячы на двух моцных мужыкоў ля капліцы Сваяка, я раптам зразумеў, чаму беларусаў называюць нацыяй паэтаў. Не вялікіх палітыкаў ды ваеначальнікаў, не навукоўцаў і не спартоўцаў. Яны, спартоўцы з палкаводцамі, безумоўна, усе былі, ёсьць і будуць. Але так выйшла, што калі па-сапраўднаму "цяжка", толькі на паэтаў апошняя беларуская надзея".

(С.Дубавец: ) “Казімер Сваяк – вельмі цэльная і разнастайная асоба. Паводле ягоных вершаў і запісаў прасочваеш, як чалавек ад няверы прыходзіць да веры. Праз усё жыцьцё ён незадаволены сабою і наракае на ленасьць розуму і холад сэрца, ён нібы правакуе сябе на веру і дакарае сябе тым, што не адчувае той належнай вялікай любові да Бога. Сваяк змагаецца з уласнымі сумневамі і чужымі спакусамі, найперш з алькаголем, які завалодвае ягонымі аднагодкамі. Ён прагне Бога і на сваім шляху часам знаходзіць экзыстэнцыйныя матывы. Скажам, пра каштоўнасьць гэтага моманту:

"Для Бога няма прошласьці ані будучыні, ёсьць толькі цяпершчына, што цягам сваім абымае тры эпохі часу... Чым жа ёсьць час, у каторым мы трываем? Гэта моманты, пералётныя для нас, нерухомыя для Бога... Чым жа ёсьць само жыцьцё чалавека? Гэта хвіліна нязначная ў вечнасьці... Пашто думаць аб мінуўшчыне або аб будучыні? Карыстай з тэй ласкі божае, каторую цяперака маеш".

Дазволю сабе параўнаць гэткія развагі з падобнымі словамі зусім іншага творцы – Джона Ленана, які ўвесь час настойліва паўтарае думку пра каштоўнасьць гэтага моманту:

"Пра што мы забываем у горкія хвіліны – гэта пра магчымасьць жыць цяперашнім момантам. Жыві ім, радуйся кубку гарбаты, здабывай радасьць штохвілінна зь любой дробязі. Бо з такіх дробязяў і складаецца ўсё наша жыцьцё. Мы ўсё адно жывем такім чынам – толькі бяз гэтае асалоды ад кожнага дня і бяз страху за яго. А ён жа можа аказацца апошнім: гэта гучыць сьмешна, але раптам цябе выпадкова пераедзе аўтамабіль ці з табой адбудзецца яшчэ нешта..."

Дзіўным чынам Казімер Сваяк і Джон Ленан гавораць тое самае: трэба жыць гэтым момантам. Я наўмысна супаставіў двух гэтак розных асобаў і творцаў, каб сказаць пра адзінства ўсясьветнае культуры і пра інтэграванасьць у гэтае адзінства беларускага сьвятара і паэта.

Няпэўнасьць ва ўласнай веры стала для Сваяка ці, дакладней, для беларускай культуры карыснаю. Ён не замыкнуўся ў завершаным вобразе сьвятара, а выйшаў на рэлігіятворчую сьцяжыну. Разумеючы патрэбу беларускае рэлігіі альбо спэцыфічнага беларускага хрысьціянства, Сваяк інтуітыўна прыйшоў да сынтэзу яго з дахрысьціянскімі народнымі традыцыямі. Гэта не мэханічнае злучэньне заходняга і ўсходняга абраду, гэта і ня проста пераклад набажэнства на беларускую мову, гэта і не арыгінальнічаньне паэта.

Сваяк выступае тут як архітэктар беларускае веры.

Задушкі йдуць, самлела ўжо прырода,
Абмыў ўжо дошч васенну дамавіну,
Стрыбог узяў у рукі ўсё ад Рода,
А Мокша атрасла апошнюю галіну.

Чакае ўсё, калі Дажбог ўладарны
Задзержыць рэкі ў сковы лядаваты,
Калі Пятро у небе гаспадарны
Для бедных душ зачыніць божы хаты.

Спачыне й сьмерць у зімку у марозну,
Заціхне зьвер, заглохне ў лесе птушка,
У цемру воўк завые так трывожна,
Як бы сканала дзе ягоная дачушка.

На голас той Сварог пашле прадвесьне
І першым Перуном разваліць моц Стрыбога:
Скрушэе лёд, зямлі пялёнка счэзьне,
І ўсё жывое зноў пагорнецца да Бога.

Трэба ўявіць сабе часы нашаніўства, каб зразумець, што ўсё ў беларушчыне тады імкліва стваралася, прыдумлялася. Дубейкаўскі выпрацоўваў нацыянальны стыль у архітэктуры, Тарашкевіч складаў беларускую граматыку. Ластоўскі рабіў канцэпцыю нацыянальнае гісторыі. Вось жа рэлігіятворчасьцю выпала займацца Сваяку.

Сутнасьць ягонае ідэі ў тым, што Бог – адзін, а Дажбог, Сварог, Стрыбог – гэта ягоныя каляндарныя іпастасі.

Пражыў Казімер Сваяк 35 гадоў. Выдаў некалькі кніг у розных жанрах. Доўга хварэў на сухоты. Памёр у Вільні. Пахаваны на славутых могілках Роса, на літарацкай горцы, побач з Сыракомлем, Ядвігіным Ш., Дубейкаўскім, Аляхновічам ды цэлай плоймай дзеячоў беларускай культуры.

Цікава, што пра мару знайсьці апошні прытулак на могілках Роса пісалі ў сваіх вершах Уладзімер Жылка, Натальля Арсеньнева, Максім Танк. Але іхнае жаданьне ня спраўдзілася. Жылка ляжыць у далёкай Сыбіры, Арсеньнева ў Амэрыцы, а Танк у Менску. На літарацкай горцы – Сваяк. Але і ягонае жаданьне – быць пахаваным пад клюшчанскім клёнам – ня спраўдзілася.

На заканчэньне вернемся да думкі, зь якой я пачаў гэтую перадачу. Праваднікі Зьмітра Бартосіка, два Алесі – памежнік і лясьнік – натуральна, замаладыя, каб памятаць свайго земляка сьвятара Стэповіча. Але закон захаваньня нацыянальнае памяці менавіта іх абраў нашымі праваднікамі па радзіме паэта. Між тым, як бы даўно тое ні было, ёсьць яшчэ людзі з тае эпохі, у якой жыў і ствараў Казімер Сваяк. У роднай хаце паэта ў вёсцы Барані жыве ягоная пляменьніца Анэля, якая кажа, што 91 год ейнага жыцьця праляцеў як адзін дзень. Слова Зьмітру Бартосіку:

(З.Бартосік: ) "Вяртаючыся назад, мы вырашылі завітаць у вёску Барані. У хаце, дзе нарадзіўся Казімер Сваяк, цяпер жыве дзевяностагадовая Анэля Стэповіч. Старая адчыніла нам дзьверы у цёмнае жытло, бо электрычнасьці не давалі. Мы сядзелі за старым сваякоўскім сталом, перад сьвечкаю й даймалі цётку Анэлю пытаньнямі".

(Цётка Анэля: ) "Дзякуй вам, што прыехалі, адведалі. І мне ўжо аж радасьць. Як прыедуць людзі, адведаюць. Ужо я знаю, што аб яго... Во, імшу, паехала, сказала ксяндзу, што так і так, і дзядзька родны, і быў ксяндзом. Так і хораша ў касьцёле імшу адправіў, пабагаславіў. І тады сабраліся людзі, каторыя былі ў касьцёле, дала нейкі абед зьесьці, ды папяялі песьні яго, Сваяка".

(З.Бартосік: ) "А скажыце, у чым сакрэт доўгажыхарства? Маладых нас навучыце, як пражыць 90 гадоў?"

(Цётка Анэля: ) "Як пражыць? Я ж ня думала, што я гэтулькі гадоў буду жыць. Каб нешта надта цяжка, то не. Ногі паболеюць. А так, каб ня ногі, дык яшчэ ж сама – і пліту, сама яшчэ... Было дровы там прывязьлі. Я прыйшла памагаць, яны мяне прагналі, кажуць, ідзі дахаты, бо яшчэ павалісься. А я кажу, як прыйшла сюды, не павалілася, дык і тут не павалюся. І памаленьку хаджу і раблю праз цэлы дзень..."

(З.Бартосік: ) "Ці адчуваеце, што ўжо 91 год пражылі?"

(Цётка Анэля: ) "Як адзін дзень. І ўсё добра было. Як адзін дзень. Перш і цяжка было, як вайна была, дык цяжкавата было і як бяз хлеба былі, усяго было... Забылася, як адзін дзень. І цяпер я давольная. Нічога ня маю. Тая сьмяецца, прыйшоўшы, кажа: "Во, цяжка жыць". А я кажу: мне ня цяжка. Як адзін дзень".

Я глядзеў на гэтую жвавую жанчыну, якая зьведала, што такое нефальшывае беларускае "цяжка".

(С.Дубавец: ) "Зьміцер Бартосік пераканаўся, што словы "цяжка, цяжка" ў вершах Сваяка – не пустое нараканьне на лёс. Адна толькі эпідэмія тыфусу змушала сьвятара некалькі разоў на дні адпяваць сваіх аднавяскоўцаў.

Размова з двума Алесямі і зь цёткай Анэляй атрымалася пра тое, што ў Беларусі нішто нікуды не дзяецца. Можна ня мець дакумэнтальных сьведчаньняў, мэмарыяльных знакаў і музэяў, затое людзі помняць усё. Дакладней, заўсёды знойдуцца людзі, якія прыгадаюць былое. Напэўна, цяжэй адшукаць такіх у гарадох, дзе жывейшая міграцыя. Што да вёскі, дык там абавязкова знойдуцца сьведкі старой і нават вельмі старой гісторыі. У гэткай думкі ёсьць і яшчэ адзін, асабісты сэнс. У Беларусі ніхто не забыты. У Беларусі памятаюць і кожнага з нас.