ШАЙГУ ЗАПЭЎНІВАЕ: НА СМАЛЕНСКАЙ АЭС УСЁ Ў ПАРАДКУ

Валеры Каліноўскі, Менск

Вучэньні расейскага Міністэрства ў справах надзвычайных сытуацыяў праводзіліся на Смаленскай АЭС два тыдні таму. Паводле словаў Сяргея Шайгу, яны не былі выкліканыя сытуацыяй на самой Смаленскай АЭС. Гаворыць Сяргей Шайгу:

(Шайгу: ) “Смаленская станцыя была выбраная зусім выпадкова, і нічога асаблівага ў гэтым няма. Мы маглі б гэтаксама абраць скажам Білібінскую станцыю, ці якую іншую. Таму сытуацыя там зусім нармальная і нічога асаблівага там не адбываецца. На Смаленскай АЭС усё нармальна, працуе на праектнай магутнасці”.

У Менску Сяргей Шайгу браў удзел у першым паседжаньні сумеснай калегіі Міністэрстваў у справах надзвычайных сытуацыяў Расеі і Беларусі. Разам зь беларускім калегам Валерыем Астапавым ён абмяркоўваў так званую тэхнічную інтэграцыю сваіх ведамстваў — ажыцьцяўленьне захадаў на збліжэньне тэхнічных стандартаў ды выкананьне шэрагу супольных праектаў.

Што ж датычыць агульных пэрспэктываў інтэграцыі Расеі і Беларусі, то Сяргей Шойгу прызнаў ненармальным, што бюджэт так званай саюзнай дзяржавы на бягучы год прымаецца толькі ў сакавіку.

(Шайгу: ) “Ведаеце, я лічу, што гэта часовыя цяжкасьці. Што датычыць пэрспэктываў, то я лічу што пэрспэктывы ёсьць, і базуюцца яны якраз не на бюджэце саюзнай дзяржавы, не на перамовах, пагадненьнях і іншых фармальных рэчах. Яны засноўваюцца на гсітарычнай блізкасьці двух народаў, якія дзесяцігодзьдзямі жылі, вучыліся і працавалі разам. Прынамсі, мае адносіны да Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі не такія, як да фэдэральнага агенцтва кіраваньня надзвычайнымі сытуацыямі ЗША”.

Сустракаўся спадар Шайгу і з Аляксандрам Лукашэнкам, які назваў яго "вядучым расейскім палітыкам і ўплывовым чалавекам" у кіраўніцтве Расеі. Шайгу і Лукашэнка абмяркоўвалі пытаньні беларуска-расейскіх міждзяржаўных адносінаў, але пра падрабязнасьці гэтых перамоваў не паведамляецца.