АПАЗЫЦЫЯ ПАЧАЛА ПАДРЫХТОЎКУ ДА ЛЕТНЯЙ СЭСІІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ

Уладзімер Глод, Менск

Летняя сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ пройдзе ў ліпені ў Бэрліне. Але партыйныя лідэры зыходзяць з таго, што кароткай падрыхтоўкі, як гэта было перад зімовай сэсіяй у Вене, гэтым разам недастаткова. Таму і вырашылі стварыць адмысловую рабочую групу, якой сёньня далі два тыдні на распрацоўку дэталёвага пляну.

Вось як тлумачыць неабходнасьць такіх папярэдніх дзеяньняў прызначаны кіраўніком рабочай групы Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Будзе спроба даваць пэўныя тлумачэньні рэглямэнту. Гэта азначае, што “палата” можа заявіць, што яна адзіная структура ад парлямэнту Беларусі, які існуе, і таму не патрэбнае ніякае галасаваньне па працэдуры. У любым выпадку мы бачым тры варыянты, па якім могуць разгортвацца падзеі ў Бэрліне. Для таго, каб быць падрыхтаваным да іх, павінна быць рабочая група, якая па кожным з гэтых кірункаў падасьць свае прапановы. Яны будуць зацьверджаныя Касультацыйнай радай, і ў фармаце гэтым будзе праведзеная пэўная праца”.

Тры варыянты, пра якія казаў Анатоль Лябедзька, наступныя. Першы — калі “палату прадстаўнікоў” на той падставе, што яна абраная як парлямэнт, без галасаваньня залічаць у склад Парлямэнцкай Асамблеі. Другі — калі беларускае пытаньне будзе прагаласаванае на пасяджэньні Сталага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі, дзе пануе прынцып “кансэнсус мінус адзін”. І апошні варыянт — галасаваньне адбудзецца непасрэдна на сэсіі, дзе выказваюцца ўжо не дэлегацыі краінаў, як на Сталым камітэце, а асабіста дэпутаты. Іх, дарэчы, цяпер 312, і ўсе пытаньні яны вырашаюць простай большасьцю.

Сёньня ж Кансультацыйная рада вырашыла надаць створанай адмысловай рабочай групе пастаянны статус.