У БЕЛАРУСКІХ ГАРАДАХ ТОЛЬКІ 49 ШКОЛ ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ НАВУЧАНЬНЯ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Нягледзячы на тое, што Беларусь ёсьць сябрам UNESСO, Міжнародны дзень роднай мовы ў краіне не адзначаецца. Напрыклад, у Міністэрстве адукацыі ня ведаюць, чаму так здарылася. Пры тым, што сытуацыя зь беларускамоўнай адукацыяй ды выкарыстаньнем роднай мовы на афіцыйным роўні даволі складаная.

Так, на цяперашні дзень толькі 29% вучняў навучаюцца ў школах па-беларуску. Нядаўна “палата прадстаўнікоў” прыняла папраўкі да Закону аб адукацыі, паводле якіх у кожным населеным пункце Беларусі мусяць быць адкрытыя беларускамоўныя школы, а ў вышэйшых навучальных установах — адпаведныя беларускія плыні. А Міністэрства адукацыі зацьвердзіла праграму стварэньня беларускамоўных навучальных установаў з 2002–2003 навучальнага году.

Гаворыць галоўны інспэктар моўнага научаньня Міністэрства адукацыі Тамара Саўчук:

(Саўчук: ) “У нас прадугледжана з наступнага навучальнага году ў кожным мікрараёне буйных гарадоў і ў кожным раённым цэнтры школаў зь беларускай мовай навучаньня, а таксама пашырэньне сеткі дзіцячых дашкольных установаў. Але мяне як інспэктара на сёньняшні дзень найперш цікавіць гарадзкая мясцовасьць. Бо ў гарадах сёньня толькі 49 школаў, што працуюць на беларускай мове.

Наша праграма была накіраваная ва ўсе вобласьці й на сёньняшні дзень я маю інфармацыю, што толькі ў Віцебскай вобласьці прынятая свая рэгіянальная праграма”.

Аднак галоўны інспэктар Міністэрства адукацыі ня ведае, ці будуць новая рэдакцыя Закону аб адукацыі і праграма міністэрства выконвацца чыноўнікамі. Паводле спадарыні Саўчук, іхнае міністэрства ня мае мэханізмаў узьдзеяньня на прадстаўнікоў “вэртыкалі”.

А актывісты Таварыства Беларускай Мовы сьцьвярджаюць, што чыноўнікі ўжо пачалі сабатаваць гэтую праграму. Чаму так адбываецца, тлумачыць намесьнік старшыні ТБМ Сяргей Кручкоў:

(Кручкоў: ) “Мясцовыя ўлады проста баяцца браць на сябе адказнасьць і адкрываць беларускамоўныя школы, нягледзячы на тое, што значна палепшыўся Закон аб адукацыі, і ён, відаць, будзе неўзабаве падпісаны Лукашэнкам. Проста ў людзей убіты такі стэрэатып, што калі яны дазволяць беларускую школу, то начальства зьверху напэўна кепска на іх паглядзіць”.

Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі гавораць, што пасьля г.зв. рэфэрэндуму 1995 году ім вельмі цяжка пераконваць бацькоў аддаваць савіх дзяцей у беларускамоўныя школы. Бо пасьля дзеці фактычна пазбаўленыя магчымасьці атрымліваць вышэйшую адукацыю па-беларуску.

Сяргей Кручкоў лічыць, што нежаданьне бацькоў навучаць дзяцей па-беларуску ўлады выкарыстоўваюць у сваіх прапагандысцкіх мэтах. Намесьнік старшыні ТБМ працягвае:

(Кручкоў: ) “Яны спасылаюцца на тое, што адсутнічае ў заканадаўстве. У законе нідзе не сказана, што бацькоўская грамадзкасьць вырашае, якім чынам будзе выконвацца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе выбар мовы навучаньня. А выбар мовы навучаньня павінен быць гарантаваны дзяржавай наяўнасьцю такіх установаў у кожным населеным пункце”.

Аднак нягледзячы на тое, што беларуская мова ў Беларусі зьведзеная да роўню мовы нацыянальнай меншасьці, актывісты ТБМ будуць і надалей патрабаваць выкананьня Закону аб адукацыі ды іншых законаў, скіраваных на захаваньне мовы. Актывісты ТБМ гавораць, што адносіны беларусаў да сваёй мовы апошнім часам мяняюцца ў лепшы бок.