БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ БУДЗЕ ПРАДСТАЎЛЕНАЯ НА СЭСІІ ПА АБСЭ Ў СТАТУСЕ НАЗІРАЛЬНІКАЎ

Уладзімер Глод, Менск

Сёньня на імя кіраўніцтва Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў прыйшоў адмысловы ліст ад прэзыдэнта ПА АБСЭ Адрыяна Сэвэрына. Сп. Сэвэрын запрашае невялікую дэлегацыю Кансультацыйнай рады ў якасьці прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі Беларусі на паседжаньне Парлямэнцкай Асамблеі. Дэлегацыі надаецца статус назіральнікаў.

Сп. Сэвэрын тлумачыць гэтае рашэньне наступным чынам: “З мэтай працягу высілкаў у справе дыялёгу палітычных сілаў Беларусі і сяброў нашай асамблеі вашай дэлегацыі будуць прадастаўленыя шырокія магчымасьці для нефармальнага абмену думкамі зь сябрамі ПА АБСЭ”. Кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі дадае, што мае намер практыкаваць такую форму кантактаў і далей.

Дагэтуль на зімовыя сэсіі ПА АБСЭ езьдзіла дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Я пытаю яе сталага сябра Ўладзімера Нісьцюка, які, дарэчы і зараз паедзе ў Вену, як паўплывае зьмена статусу на яго дзейнасьць.

(Нісьцюк: ) “Я думаю, што ніяк. Так, статус афіцыйнай дэлегацыі Вярхоўнага Савету даваў больш правоў, магчымасьцяў. Зараз гэта будзе трохі складаней. Але ў той жа час ёсьць дамова такая, што, калі будзе патрэба, нам дадуць выступіць у камітэтах. Наконт пленарнага паседжаньня я ня ведаю. Але мы будзем мець магчымасьць самага галоўнага — асабіста з парляментарамі ўсіх нашых партнэраў працаваць.

Два-тры дні — гэта вельмі шмат, таму што ёсьць магчымасьць адказаць на ўсе пытаньні, якія ў людзей узьніклі. Ёсьць магчымасьць нейкую інфармацыю давесьці. Гэтая магчымасьць будзе выкарыстаная на сто адсоткаў”.

На сёньняшнім паседжаньні вызначылі і асабісты склад дэлегацыі Кансультацыйнай рады: да сп. Лябедзькі і Нісьцюка далучыцца спадарыня Палевікова.

Учорашнія напады Аляксандра Лукашэнка на АБСЭ і яе інстытуцыі ня выклікалі прыкметнай рэакцыі ў лідэраў апазыцыі. А выканаўца абавязкаў старшыні Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Мішэль Рывалье на маё пытаньне, ці будзе ён нейкім чынам камэнтаваць словы Лукашэнкі, адказаў:

(Рывалье: ) “No comment”.

Што тычыцца ўдзелу ў зімовай сэсіі ПА АБСЭ дэлегацыі “палаты прадстаўнікоў”, дык сп. Рывалье сказаў, што пакуль ня ведае, ці паедуць яны ў Вену, а калі паедуць, дык у якім статусе.