* У Віцебску зачыніўся Дом культуры глухіх. Далейшы лёс будынку вырашыць рэспубліканская ўправа Беларускага таварыства глухіх — найверагодней, яго прададуць з аўкцыёну. Творчыя калектывы цяпер займаюцца ў іншых памяшканьнях таварыства. Дом культуры давялося зачыніць, бо віцебскія глухія ня маюць сродкаў на аплату ацяпленьня ды іншых камунальных паслугаў.
* 12 лютага ў выстаўным цэнтры “БелЭКСПА” пачнецца нацыянальная кніжная выстава-кірмаш з удзелам расейскіх, украінскіх, францускіх і нямецкіх выдавецтваў. Напярэдадні выставы прайшоў 42-гі рэспубліканскі конкурс “Мастацтва кнігі”. Найпрыгажэйшымі беларускімі кнігамі, надрукаванымі ў 2001 годзе, названыя “Прырода для маленькіх”, якую выдала “Белфаксиздатгрупп”, альманах Беларускага саюзу дызайнэраў “PROдизайн” і альбом Дзяніса Раманюка “Беларускія народныя крыжы”.
* Паводле статыстыкі Міністэрства інфармацыі, у 2001 годзе ў Беларусі выйшлі з друку 7 944 кнігі агульным накладам 55 мільёнаў асобнікаў. У параўнаньні з 2000 годам наклад зьменшыўся на 11%. Сярэдні наклад кнігі ў 2001 годзе склаў 7 000 асобнікаў, у 2000-м быў 8 000, а ў 1999-м — 10 000. У беларускай мове летась выйшлі 822 кнігі агульным накладам 6,5 мільёнаў асобнікаў. У параўнаньні з 2000 годам беларускамоўных кніг друкавалася больш: па назвах — на 8%, а па накладзе — на 10%.
* Галерэя Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту наладзіла выставу твораў 10 чэскіх мастакоў. Экспанаты — на любы густ: рамантычныя партрэты, абстрактныя кампазыцыі, маляваныя вершы. Уражвае вэгетарыянскім патасам літаграфія Адольфа Борна “Манумэнт нашае цывілізацыі”, дзе ўсе жывёлы і людзі жаруць адно аднаго. У плянах далейшага супрацоўніцтва галерэі і амбасады Чэскае Рэспублікі ў Беларусі — выстава, прысьвечаная Карлаву ўнівэрсытэту, якому сёлета спаўняецца 650 гадоў.
* 11 лютага ў Купалаўскім тэатры адбудзецца дабрачынная акцыя, зладжаная на сродкі актораў Віцебскага тэатру імя Якуба Коласа. Менчукам пакажуць спэктакль “Кахаю, спадзяюся, чакаю…” ў пастаноўцы Валер’я Масьлюка, які не дажыў да прэм’еры некалькі тыдняў. У гэтым спэктаклі Масьлюк выступіў ня толькі як рэжысэр, але й перакладнік тэксту, сцэнограф, мастак па касьцюмах і аўтар музычнага афармленьня. Тэма пастаноўкі паводле швэдзкае п’есы “Шлюха з Гарлему” — пошук маральных крытэраў шоў-бізнэсу. Збор ад спэктаклю пойдзе на выданьне пасьмяротнае кнігі вершаў Масьлюка.
* У Музэі сучаснага мастацтва адчынілася выстава гарадзенскага каваля Юрася Мацка. Пераважаюць кампазыцыі на гістарычныя й філязофскія тэмы: рознай формы крыжы й салярныя знакі, цытаты з народных арнамэнтаў. Праца пад назовам “Паэт і нож” прысьвечаная Славаміру Адамовічу. Ахвярам славутае бітвы пад Воршай Юрась Мацко прысьвяціў крыж, які аздабляе “лязо, павернутае на Ўсход”.