Падчас нядзельнага набажэнства Ўладзіслаў Завальнюк яшчэ раз парадаваў вернікаў, падмацаваўшы фактамі сваю ранейшую заяву, што “Голас душы” неўзабаве ізноў загучыць у радыёэфіры. Духоўную падтрымку ў справе вяртаньня праграмы ксёндз-пробашч атрымаў ад Папы Рымскага Яна Паўла ІІ падчас свайго нядаўняга візыту ў Ватыкан. Гаворыць Уладзіслаў Завальнюк:
(Завальнюк: ) “Тыдзень таму меў магчымасьць быць у Ватыкане. Была сустрэча з Айцом Сьвятым, таксама на Радыё Ватыкан. Гэты мой пабыт у Рыме многа спрыяе добраму. У Ватыкане гэта канкрэтна сказана было: вам пакуль што не магу выказаць усё, бо гэта сакрэт. Але так, як я й гаварыў, сапраўды “Голас душы” будзе”.
Паводле словаў Завальнюка, для гэтага цяпер зьбіраюцца патрэбныя дакумэнты, а 18 лютага ў Міністэрстве інфармацыі адбудуцца адмысловыя перамовы. Кіраўніца галоўнага аналітычнага ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі Натальля Аляшковіч нічога пэўнага ў гэтай справе паведаміць не змагла.
(Аляшковіч: ) “Ёсьць дамоўленасьць, што гэтае пытаньне будзе вырашанае. Больш нічога не магу дадаць”.
Тым часам вернікі працягваюць акцыю пратэсту. З часу закрыцьця праграмы яны не спыняюць збор подпісаў да кіраўніцтва радыё і ўраду Беларусі пад зваротам наступнага зьместу: “Мы, грамадзяне Беларусі, заяўляем пратэст супраць закрыцьця на дзяржаўным радыё высокадухоўнай перадачы “Голас душы”. Гэта ёсьць дыскрымінацыяй вернікаў і ўсіх канфэсіяў Беларусі, парушэньнем нашых грамадзянскіх і канстутыцыйных правоў. Патрабуем неадкладна аднавіць радыёперадачу “Голас душы”.
(Мужчына: ) “Ня просім, а патрабуем. Хопіць прасіць”.
(Жанчына: ) “Гэта ж ясна, што сатана наступ робіць”.
(Іншая: ) “Вось менавіта. Адзін. З вусамі”.
(Мужчына: ) “Вялікдзень забраў і ў каталікоў, і ў праваслаўных — і ўсе маўчалі”.
(Жанчына: ) “Усё, мову адабралі. Як маёмасьць у 17-м годзе адбіралі”.
(Карэспандэнтка: ) “Але ж а 8.30 у нядзелю ёсьць таксама духоўная праграма”.
(Мужчына: ) “Я лічу, што ўлады робяць невялічкі крок назад, каб паглядзець, што мы будзем рабіць. А мы павінны патрабаваць вярнуць ранейшую праграму. Яна сем гадоў гучала”.
(Жанчына: ) “Людзі настолькі ахвотна падпісваюцца, што мы й не чакалі. Мы сабралі каля 30 тысяч подпісаў. Бо ўсе сумленныя людзі разумеюць, што цяпер адбываецца: народ пазбавілі ўсяго. Народ настолькі зьбяднелы, але яшчэ й духоўнага пазбаўляюць”.
Цяпер ад уладных чыноўнікаў залежыць ня толькі лёс “Голасу душы”, але й міжнародны імідж Беларусі: у выпадку забароны каталіцкай радыёперадачы спадзяваньняў на візыт у Беларусь Папы Рымскага ў хрысьціянаў краіны, напэўна, стане яшчэ менш.