НАВАДВОРСКАЯ І БАРАВОЙ НАПІСАЛІ МАЛАДОМУ ФРОНТУ

Любоў Лунёва, Менск

Першыя адказы прыйшлі з Расеі. Іх даслалі старшыня Партыі эканамічнай свабоды Канстанцін Баравой й лідэр Дэмакратычнага саюзу Валерыя Навадворская.

Канстанцін Баравой у сваім лісьце адзначыў:

(Баравой: ) "Вашая акцыя важная й для расейцаў, якія павінны ўрэшце зразумець, што ня здолеюць стаць свабоднымі грамадзянамі свабоднай краіны, пакуль ня цэняць свабоду сваіх суседзяў і братоў, ператвараючы братэрскія славянскія абдымкі ў кайданы. Усё, што вы робіце, безумоўна, павучальна й для Лукашэнкі, які павінен памятаць пра лёс Мілошавіча, і разумець, што гэта – ягоны выбар".

Валерыя Навадворская выказалася яшчэ больш эмацыйна:

(Навадворская: ) "Дзеля таго, каб беларускі сувэрэнітэт быў у бясьпецы, і беларуская дэмакратыя магла адбыцца, дзеля таго, каб не быў адноўлены, даданы іншымі дыктатарскімі рэжымамі Савецкі Саюз, заходнія дэмакратыі павінны прыняць канцэптуальнае рашэньне і прапанаваць Крамлю хутчэй задушыцца ўласным газам і ўтапіцца ва ўласнай нафце, чым працягваць, у імя імпарту гэтых энэрганосьбітаў, мірыцца з татальным непрызнаньнем правоў чалавека на нашых злашчасных тэрыторыях".

Намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін пад час прэсавай канферэнцыі паведаміў, што спадзяецца атрымаць лісты і ад іншых вядомых у сьвеце дзеячоў:

(Шэін: ) "Мы вельмі ўсьцешаныя, што ў Расеі ёсьць палітыкі, вочы якіх не асьлепленыя пустымі імпэрскімі амбіцыямі. Гэтыя палітыкі адэкватна ўспрымаюць сытуацыю, сэрцы іх сапраўды шчыра баляць за тое, каб людзі маглі жыць свабодна ня толькі ў самой Расей, але й у суседніх краінах. Астатнія лісты заходнеэўрапейскім палітыкам, культурніцкім дзеячам зараз альбо адсылаюцца, альбо перакладаюцца, альбо ўжо перададзеныя нашым прадстаўнікам. Мы перадалі ліст у Чэхію да Вацлава Гавэла й спадзяемся, што наш прадстаўнік у Чэхіі Натальля Макавік у хуткім часе перадасьць гэты ліст самому прэзыдэнту Чэхіі".

Малады Фронт рыхтуецца да акцыі, заплянаванай на 14 лютага. Працягваюцца перамовы намесьніка старшыні Маладога Фронту Яўгена Скочкі з кіраўніком аддзелу гарадской міліцыі Сяргеем Гірэлем наконт правядзеньня карнавальнага шэсьця. Напрыканцы тыдня будзе вядома ці дазволяць менскія ўлады шэсьце. Аляксей Шэін запэўніў журналістаў, што акцыя адбудзецца ў любым выпадку.