АМЭРЫКАНСКАЯ ПАЛІЦЫЯ РАСЬСЬЛЕДУЕ ЗНАХОДКУ ФАЛЬШЫВЫХ ГРОШАЙ У ДОМЕ ВОЛЬГІ КОРБУТ

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Як паведамляе штодзёньнік “Atlanta Journal-Constitution”, мясцовы намесьнік шэрыфа знайшоў падробныя стодаляравыя банкноты на падлозе ў доме Корбут яшчэ летась 5 сьнежня, калі ён хацеў аддаць гаспадарам паперы аб высяленьні. Рэч у тым, што за дом коштам 240 тысячаў даляраў своечасова не былі зробленыя плацяжы па банкаўскім крэдыце. Дома нікога не было. Паліцыя кажа, што пакоі былі моцна пашкоджаныя, а адно з вокнаў нехта выбіў. Была таксама адарваная помпа ў басэйне і пашкоджаныя прыбіральні.

Суседзі тады паведамілі паліцыі, што, на іхнае меркаваньне, Корбут і ейны муж, вядомы беларускі сьпявак Лявон Барткевіч, зьехалі. Паводле суседзяў, яны думалі, што ў доме заставаўся 22-гадовы сын, Рычард Барткевіч.

Мінулым тыднем супраць 46-гадовай Вольгі Корбут выставілі абвінавачаньне ў крадзяжы. Яе арыштавалі, калі яна выходзіла з харчовай крамы ў прымесьці Атлянты, не расплаціўшыся за тавары на 19 даляраў – сыр, фінікі, сыроп, гарбату і прыправы.

Корбут кажа, што адбылося непаразуменьне – яна ішла па грошы, якія пакінула ў машыне і зьбіралася вярнуцца ў краму, каб расплаціцца. Але ахоўнік цьвердзіць, што бачыў, як Корбут хавала прадукты ў сумку, перш чым выйсьці з крамы. Корбут амаль адразу выпусьцілі пад заклад у 600 даляраў.

Апошнія 11 год Корбут, якая эмігравала зь Беларусі, жыве ў штаце Джорджыя, дзе трэніруе мясцовых гімнастаў.

Мы патэлефанавалі да Вольгі Корбут у ЗША, але ейны тэлефон быў у рэжыме аўтааказчыку. Затое здолелі зьвязацца зь Менскам і пагутарыць наконт здарэньня з былым мужам алімпійскай чэмпіёнкі, сьпеваком гурту “Песьняры” Лявонам Барткевічам. Ён абсалютна выключае магчымасьць, што ягоная былая жонка ці сын Рычард маглі мець дачыненьне да фальшывых даляраў. Спадар Барткевіч лічыць, што гэта правакацыя, але пацьвердзіў, што яны не маглі сплачваць банку крэдыт, атрыманы на куплю дому.

(Барткевіч: ) “Мы проста не маглі плаціць за гэты дом. І дом, як гэта звычайна робіцца, адыйшоў да банку. А сын жыў у апартамэнтах. Ён і зараз жыве ў апартамэнтах. Вольга жыла ўжо год у другой хаце. Мяне там не было зь лета. Я ня ведаю, што там потым адбылося. Мы часам тэлефануем адзін адному, але, каб там нехта апісаў дом, паліцыя там, грошы нейкія… Што гэта такое? Гэта – паклёп.”

Паводле спадара Барткевіча, Вольга Корбут жыве са сваім цяперашнім мужам у іншым месцы. Сам Барткевіч быў у сваім амэрыканскім доме мінулым летам, калі знаходзіўся ў ЗША з гуртом “Песьняры”. Пра Корбут гаворыць толькі самыя лепшыя словы: яна ніколі ня хлусіць і ўвогуле вельмі сумленны чалавек. Корбут і Барткевіч разьведзеныя, іхны сын Рычард займаецца кампутарным бізнэсам.