ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ ЗАЯЎЛЯЕ ПРА МАЖЛІВАСЬЦЬ ЗЬМЕНЫ СТРАТЭГІІ ДЗЕЯНЬНЯЎ, КАЛІ КІРАЎНІК КНГ АБСЭ Ў МЕНСКУ НЯ БУДЗЕ ПРЫЗНАЧАНЫ НАЙБЛІЖЭЙШЫМ ЧАСАМ

Ул. інф.

Сёньня мы патэлефанавалі ў Лісабон, у партугальскае міністэрства замежных справаў, і пацікавіліся, ці меў дзейны старшыня АБСЭ нейкія чаканьні ад візыту парлямэнтароў АБСЭ ў Менск. Вось як адказаў на гэтае пытаньне прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ ў справах Беларусі, Украіны, Малдовы й Чачэніі Луіш Кабаса:

(Кабаса: ) “Ня большыя за тыя чаканьні, што мы маем наконт працэсу цалкам. Я маю на ўвазе тое, што мы маем аднолькавыя мэты й працуем дзеля іхнага дасягненьня. Мы проста зь нецярпеньнем чакаем гэтага дасягненьня, і галоўная мэта зараз, як пацьвердзіла й Парлямэнцкая асамблея, гэта прызначэньне кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы”.

Спадар Кабаса таксама пракамэнтаваў мажлівасьць вызначэньня крайняга тэрміну прызначэньня новага кіраўніка групы АБСЭ ў Менску.

(Кабаса: ) “Мы ня вызначылі крайні тэрмін. Мы ладзім кансультацыі, яны працягваюцца. Мы не чакаем, што будзе вызначаны крайні тэрмін. Але я не магу сказаць упэўнена, што гэтага ня здарыцца. Мажліва, праз тыдзень ці два, калі ня будзе ніякага прагрэсу, нам прыйдзецца вырашаць наконт новай стратэгіі. Але пакуль мы лічым, што можна займацца плённым дыялёгам зь менскім урадам, таму насамрэч няма прычыны вызначаць крайні тэрмін зараз”.

Беларускае МЗС паведаміла, што распачало кансультацыі ў штаб-кватэры АБСЭ ў Вене для зьмены мандату Кансультацыйна-назіральнай групы ў Менску. Вось як камэнтуе гэтае паведамленьне спадар Кабаса:

(Кабаса: ) “Гэтыя кансультацыі працягваюцца – наконт прызначэньня кіраўніка групы, а не наконт перагляду мандату. Мы лічым, што мандат сапраўдны. Ён быў вызначаны ў адпаведны час, ён быў вызначаны не Партугаліяй, а папярэднімі старшынямі АБСЭ. Мандат дзейнічае, і мы думаем, што ён можа быць ажыцьцёўлены нармальна. Тым ня менш, мушу з радасьцю зазначыць, што ў апошняй заяве міністар Хвастоў нічога не казаў пра прызначэньне новага кіраўніка групы АБСЭ. Ён ня зьвязваў рэчы, якія немагчыма зьвязваць – як гэта рабілася раней. І мы задаволеныя гэтым фактам. Але каб ажыцьцяўляць мандат і мець групу, якая працуе, нам трэба мець амбасадара на месцы”.

Пра гэта, як падкрэсьліў спадар Кабаса, і дзейны старшыня АБСЭ, і рабочая група ў справах Беларусі Парляманцкае асамблеі АБСЭ гавораць у адзін голас.