НА ГОМЕЛЬСКІМ ЗАВОДЗЕ ПУСКАВЫХ РУХАВІКОЎ ЗА НЯЎПЛАТУ АДКЛЮЧАНЫЯ ТЭЛЕФОНЫ

Казімер Яноўскі, Гомель

Рабочыя цэху дызельнай вытворчасьці, зь якімі сёньня давялося гутарыць, надзвычай рэзка выказваюцца пра сваё становішча. Зборшчык з 25-гадовым стажам Вячаслаў Хромаў заявіў наступнае:

(Хромаў: ) “Сабака, і той лепей жыве. Нічога ў нас не стала лепш. Ужо трэці дырэктар, а прасьвету ніякага няма”.

З пачатку новага году рабочыя яшчэ не атрымлівалі ніякіх грошай. У сьнежні, паводле распараджэньня Саўміну, завод узяў у банку чарговы крэдыт памерам 168 мільёнаў рублёў і разьлічыўся з калектывам за восеньскія месяцы. Аднак цяпер прадпрыемства зноў завінавацілася рабочым за два месяцы – сьнежань і студзень.

Вялікая нядоімка ў прадпрыемства і перад бюджэтам. А ўсяго даўгоў у завода – больш за 2 мільярды рублёў. Але банкруцтва, нягледзячы на цяжкі стан, рабочыя не прымаюць. Вось як ацэньвае гэта выпрабоўца малагабарытных дызельных рухавікоў, 55-гадовы Анатоль Мацьвееў:

(Мацьвееў: ) “Канечне, гэта катастрофа – для мяне асабіста і для ўсіх, хто тут застаўся. Хто мог, дык тыя даўно сышлі”.

Дырэктар заводу Міхаіл Кандраценка ня лічыць прадпрыемства безнадзейным. Пускавыя рухавікі, малагабарытныя дызелі, рэдуктары, электроды – уся гэтая прадукцыя карыстаецца попытам і на беларускім, і на расейскім рынку. На думку кіраўніка, распачатая незадоўга да леташніх выбараў прэзыдэнта гонка за 100-даляравым заробкам дарэшты вымыла абаротныя сродкі прадпрыемстваў. Менавіта на набыцьцё матэрыялаў і запчастак заводам патрэбны крэдыты, а не на выплаты заробку.

(Кандраценка: ) “Я увесь год прасіў: ня трэба мне крэдытаў для выплаты заробку. Дайце гэтыя грошы для абаротных сродкаў, і я змагу вырабіць дастаткова прадукцыі, прадаць яе і разлічыцца з калектывам”.

Аднак кіраўніка і зараз ніхто ня хоча слухаць, бо выплата заробку саміх чыноўнікаў міністэрства прамысловасьці і мясцовых органаў улады пастаўленая ў залежнасць ад выплаты заробку на прадпрыемствах. Таму і перакрываюцца ўсе шляхі да банкаўскіх крэдытаў, апроч тых, якія ідуць на заробак. А што прадпрыемствы тым самым заганяюцца ў банкруцтва – гэта чыноўнікаў турбуе значна меней.