А ЯК НАСАМРЭЧ ЖЫВЕЦЦА ШАХЦЁРАМ?

Міхал Стэльмак, Салігорск

(Карэспандэнт: ) “Назавіце сябе”.

(Сяданаў: ) “Я — Барыс Сяданаў. Першы руднік”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі гадоў ваш шахцёрскі стаж?”

(Сяданаў: ) “З 1967 году”.

(Карэспандэнт: ) “Ці належным чынам дзяржава аплачвае вашу працу?”

(Сяданаў: ) “Якая аплата... Сьмех дый годзе. Як было пры сацыялізьме, так засталося і зараз. Тады не плацілі нам — абкрадалі, так і зараз абкрадаюць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы таксама шахцёр?”

(Генадзь: ) “Я табе скажу: немцы прыехалі да нас будаваць. Пытаюцца: колькі ты гадоў адпрацаваў? Я кажу:сямнаццаць. А што ты зарабіў? Я кажу: кукіш. І яны (Мюлер ягонае прозьвішча) прывезьлі мне ровар. Дык што я зарабіў за столькі гадоў працы ў шахце? Гэтыя камунары нас аб'ягорылі”.

(Карэспандэнт: ) “Назваць сябе можаце?”

(Генадзь: ) “А навошта? Я — Генадзь. Першы руднік. Мой камбайн стаіць зараз на п’едэстале гонару”.

(Міхнавец: ) “Я Міхнавец Аляксандар Аркадзевіч. Найперш трэба паважаць працу шахцёра. Вось яны два месяцы бураць. Можа так адбыцца, што калі яны бураць, дык абурыцца. У любы час можа на галаву ўпасьці. І ўсе могуць загінуць”.

(Новікаў: ) “Я Новікаў Андрэй, горнарабочы”.

(Карэспандэнт: ) “Вы колькі гадоў у шахце працуеце?”

(Новікаў: ) “Я працую два з паловаю гады”.

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд — ці дастаткова працу шахцёра аплачвае дзяржава?”

(Новікаў: ) “Нават блізка яна не адпавядае ўмовам. Ад рэальнай зарплаты яна вельмі далёкая, яна заніжаная. Галёпам скачуць цэны, якія абагналі ўжо міжнародныя, а рэальны ўзровень заробкаў падае. Паколькі мы прывязаныя да даляру, то гэты ўзровень штогоду ўсё ніжэйшы ды ніжэйшы. Тут заробак заніжаны, і вельмі моцна”.

(Карэспандэнт: ) “Ты вось можаш зарабіць у шахце на кватэру і машыну?”

(Мамчур: ) “Калі ў мяне будзе сям'я, я мяркую, што не. Адзінае, што мо зараблю гадоў за дваццаць — калі можна пазыку ўзяць, якую даюць на 30 гадоў пад працэнты. Маё прозьвішча Мамчур, я машыніст горнавыемачных машын”.

(Карэспандэнт: ) “Салігорскі шахцёр — чалавек забяспечаны?”

(Мамчур: ) “Сьмех, суцэльны сьмех. Які ён забясьпечаны?! Зарплата насамрэч не адпавядае той працы, якую ён робіць у шахце. Па-другое, падаткі — абдзіраюць, як ліпку. Напрыклад, на 100 тысяч заробку 30 тысяч трэба вярнуць, адну траціну. Параўнаць умовы "наверсе" і ў шахце — гэта несумяшчальна”.

(Карэспандэнт: ) “Назавіце сябе”.

(Трацягін: ) “Трацягін Васіль”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе вы працуеце і кім?”

(Трацягін: ) “На чацьвертым рудніку электрасьлесарам”.

(Карэспандэнт: ) “Умовы працы вашыя ў шахце лёгкія ці цяжкія?”

(Трацягін: ) “У нас вельмі цяжкія ўмовы. Абсталяваньне даўно ўжо састарэла на 80%. У нас фактычна нічога няма, робім свае запчасткі й вырабляем проста на сваіх участках”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі задавальняе вас аплата працы?”

(Трацягін: ) “Аплата працы нас, зразумела, не задавальняе”.

(Карэспандэнт: ) “Назавіце сябе”.

(Гурыновіч: ) “Я Гурыновіч Пётар Антонавіч. Трэці руднік, пяцьдзясят дзявятая лава”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі гадоў вы працуеце ў шахце?”

(Гурыновіч: ) “5 лютага будзе 30 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Цяжка працаваць у шахце?”

(Гурыновіч: ) “Распавесьці немагчыма — трэба паглядзець. Прэзыдэнт прыяжджаў — паглядзеў, але далей за пяць мэтраў у лаву чамусьці ня пайшоў. А лава ж даўжынёй на 200 мэтраў. А ён толькі ж на пяці мэтрах спыніўся. Таму ён ня ведае, як людзям даводзіцца працаваць у лаве”.