Паводле абазнаных крыніцаў, на сёньняшні момант КНГ АБСЭ ў Менску апынулася ў тупіку. Місія ня мае ня толькі кіраўніка, але і бюджэту. У любым выпадку, АБСЭ мусіць адстойваць свае прынцыпы. Прыезд у Менск дэлегацыі рабочай групы гэтай арганізацыі на чале з Утай Цапф, а таксама перамовы з прадстаўнікамі ўраду, апазыцыі, няўрадавых колаў павінны унесьці яснасьць ў пытаньне далейшага лёсу КНГ.
Нямецкія экспэрты разглядаюць розныя сцэнары, у тым ліку і закрыцьцё місіі. Шмат хто ўважае, што гэта лепш, чым рабіць саступкі рэжыму, які дагэтуль так і не прадэманстраваў тых тэндэнцыяў у лепшы бок, на якія б Эўропе можна было абапірацца. У гэтым зьвязку адсутнасьць бюджэту – той факт, якім АБСЭ лягчэй за ўсё аргумэнтаваць свой радыкальны крок.
Палітоляг, прафэсар Вольнага Бэрлінскага ўнівэрсытэта Клаўс Зэгбэрс, які разам з Гансам-Гёргам Вікам быў стваральнікам адмысловай навучальнай праграмы ў Эўрапейскім унівэрсытэце ў Менску, лічыць, што гэта не найлепшае рашэньне.
(Зэгбэрс: ) "Я асабіста лічу, што гэта было б памылкай – закрыць гэтую місію. Мне здаецца, гэтая місія адыгрывала вельмі важную ролю ў двух напрамках: ёсьць кантакт з урадам і няўрадавымі арганізацыямі. Гэта было бачна перад выбарамі і пасьля выбараў, і мне здаецца, трэба працягваць працу ў гэтым кірунку.
(Карэспандэнтка: ) "Аднак, як лічаць вашыя калегі, саступкі рэжыму таксама ня могуць быць прадуктыўнымі...”
(Зэгбэрс: ) "Вялікіх саступак, на мой погляд, не прадбачыцца... Хаця пры нясхільнасьці Менску да кампрамісаў посьпеху ў перамовах будзе дасягнуць цяжка. Але ўсё гэта – справа часовая, і Эўропа можа нейкі час чакаць. Іншая справа, каб самі беларускія дзеячы вырашылі для сябе, наколькі яны зацікаўленыя ў захаваньні сваіх пазыцыяў у агульнаэўрапейскім кантэксьце. Зараз размова ідзе ня толькі пра Лукашэнку, прадстаўнікоў рэжыму, але і пра апазыцыю, недзяржаўныя арганізацыі... Ці задумваюцца яны над тым, што ёсьць кантэкст вакол Беларусі: глябалізацыя, інтэграцыя, камунікацыя і г.д. Гэта адбываецца ва ўсім сьвеце, і дынаміка сусьветнага разьвіцьця не дае шмат часу на чаканьні. Дадам таксама, што пытаньне Беларусі, на жаль, ня ёсьць першачарговым для Захаду. Тым больш, што ў самой краіне няма пэўнасьці – куды ісьці”.