АДНАВІЛА ДЗЕЙНАСЬЦЬ КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Паседжаньні Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў былі прыпыненыя летась у жніўні, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. І толькі цяпер вырашана аднавіць дзейнасьць КРДС у поўным аб'ёме. Гаворыць сябар Каардынацыйнай рады, лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Мы аднавілі рэгулярныя паседжаньні на нацыянальным роўні, таму што надышла пара. Нас чакаюць сур'ёзныя агульнапалітычныя выклікі. Я маю на ўвазе пагрозу нашай палітычнай і эканамічнай незалежнасьці. І тут павінна быць супольная стратэгія тых сілаў, якіх яднаюць ня толькі дамаганьне чатырох умоваў правядзеньня дэмакратычных выбараў, ці нелюбоў да Лукашэнкі, а значна глыбейшыя рэчы. Гэта значыць, бачаньне дэмакратычнай Беларусі, як незалежнай дзяржавы й складовай часткі эўрапейскай цывілізацыі".

У КРДС па-ранейшаму ўваходзяць БНФ, АГП, “Хартыя-97”, Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, рэгіянальныя грамадзкія аб'яднаньні, а таксама нядаўна створаная БСДП.

Прадстаўнікі ўсіх партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду, выказаліся супраць таго, каб Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў, створаная пры менскай групе АБСЭ, была ператвораная ў кааліцыйную структуру, прымала абавязковыя рашэньні і рэпрэзэнтавала беларускую апазыцыю на міжнароднай арэне. (Гэтая ідэя належыць былому шэфу КНГ АБСЭ Гансу-Георгу Віку і актыўна падтрымліваецца лідэрамі "Народнай Грамады" Міколам Статкевічам, і ЛДПБ Сяргеям Гайдукевічам.) Вінцук Вячорка працягвае:

(Вячорка: ) “Усе без вынятку суб'екты КРДС, якія бралі слова ў пытаньні будаўніцтва кааліцыяў, падцьвердзілі, што разглядаюць Кансультацыйную раду, альбо КРАПП як дарадчыкаў тых палітычных партыяў, што падзяляюць неабходнасьць барацьбы за чатыры дэмакратычныя ўмовы правядзеньня выбараў".

Сябры КРДС прынялі адмысловую заяву, у якой заклікаюць АБСЭ, Раду Эўропы, Эўразьвяз ды іншыя міжнародныя структуры не пашыраць кантакты зь беларускімі ўладамі, бо тыя не адмовіліся ад практыкі парушэньня правоў чалавека.