“ДАРЫДА” БЯРЭ ВАДУ НА ТЭРЫТОРЫІ МОГІЛЬНІКА

Любоў Лунёва, Менск

Адна зь лябараторыяў Інстытуту мікрабіялёгіі месьціцца насупраць чыгуначнага вакзалу ў Ждановічах. У віварый уваходзяць два хлявы, дзе ўтрымліваюць жывёлаў для вопытаў. Паколькі лябараторыя ня мае крэматорыя, жывёлаў пасьля сьмерці папросту закопвалі ў зямлю.

Мясцовыя жыхары распавялі Радыё Свабода пра тое, што час ад часу парэшткі трусоў, пацукоў і сабак трапляюць ім пад ногі. На тэрыторыі гэтага могільніка знаходзіцца водная сьвідравіна, якая належыць фірме “Дарыда”. Яе безалькагольныя напоі вельмі папулярныя ў беларусаў. Мясцовы жыхар Міхась Малодзька распавёў нашаму радыё:

(Малодзька: ) "Выкапалі яму й закапалі гэтага труса. Старажылы кажуць, што і раней бачылі парэшткі жывёлаў на гэтай тэрыторыі. Няма там ніякай аховы й агароджы. Іван Ціцянкоў калісь зрабіў там сьвідравіну. Тады, паколькі ён быў такі знакаміты гаспадар, ён ні ў каго не пытаўся дазволу. Я тэлефанаваў у раённую і ў абласную санстанцыю. У абласной паведамілі, што не далі дазволу, спаслаліся на тое, што раённая дазволіла. Трэба зачыняць гэтыя сьвідравіны. Ціцянкоў адчыняў сьвідравіну, а цяпер там Дзялендзік. Ён цяпер дэпутат".

Мы зьвярнуліся па тлумачэньні ў санстанцыю Менскага раёну да галоўнага дзяржаўнага санітарнага доктара Алега Богуша. Ён паведаміў, што насамрэч дазволіў зрабіць сьвідравіну побач зь лябараторыяй:

(Богуш: ) "Там сапраўды праводзяць вопыты на жывёлах, але ўсіх жывёлаў звозяць на гарадзкі жывёльны могільнік. Мы рэгулярна дасьледуем ваду. Вада нармальная. Яе й дыетоляг правярае. Нічога страшнага. Цяпер жа асабліва не закапаеш жывёліну — зіма. Можа там і сканаў які трус, дык гэта драбяза".

Але жыхары Ждановічаў не падзяляюць спакою галоўнага санітарнага доктара. Яны будуць зьвяртацца да недзяржаўных экспэртаў.