"ЛУКАШЭНКА КІДАЕ Ў ТУРМЫ ДЫРЭКТАРАЎ І ХОЧА АБМЕЖАВАЦЬ МАНДАТ АБСЭ"

Алена Панкратава, Менск

"Спачатку быў парлямэнт, потым СМІ, затым апазыцыйныя палітыкі... Апошнім часам Лукашэнку пазбаўляюць спакою прадстаўнікі дырэктарскага корпусу і мандат АБСЭ," – піша "Neue Zuercher Zeitung". Дырэктараў абвінавачваюць у карупцыі, амбасадараў АБСЭ ў шпіянажы на карысьць апазыцыі. Нейкай нечаканасьцю гэта назваць нельга, – перакананы аўтар артыкулу. Паўстаюць хіба што наступныя пытаньні: каму перашкаджае місія АБСЭ і хто наступны кандыдат у турму?

Пасьля нядоўгага зацішша, якое наступіла пасьля верасьнёўскіх выбараў, у Менску ізноў раздаюцца сыгналы небясьпекі. Адбываюцца арышты сярод прадстаўнікоў гаспадарчай эліты. Апазыцыя называе гэта актам помсты прэзыдэнта тым, хто ў часе выбараў не дэманстраваў яму дастатковай ляяльнасьці.

Паводле назіральнікаў, дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў ужо восьмы па ліку пацярпелы. Напачатку студзеня ён быў затрыманы, а днямі вызвалены са сваёй пасады і абвічаны ў буйных фінансавых махінацыях.

Як піша "Neue Zuercher Zeitung", пры існуючай каманднай сыстэме эканомікі фактычна кожны кіраўнік беларускага прадпрыемства стаіць адной нагой у турме. За краты трапляе той, хто дапёк Лукашэнку. Лявонаў менавіта той выпадак. Спасылаючыся на словы сваіх менскіх суразмоўцаў, у тым ліку былога лідара беларускіх прафсаюзаў Уладзімера Ганчарыка, швайцарскі журналіст піша, што Лявонаў разглядаў пытаньне датычна асабістага ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, нейкі час ён меў кантакт з апазыцыяй – яму прапаноўвалі крэсла прэм'ера ў выпадку перамогі Ганчарыка. Праўда ў апошні момант Лявонаў адмовіўся ад ўсіх прапановаў. Аднак паводле Лябедзькі і Ганчарыка, такіх хістаньняў дырэктара МТЗ было дастаткова, каб ў вачах Лукашэнкі стаць здраднікам.

"Афіцыйных пацьверджаньняў гэтае вэрсіі няма," – піша аўтар артыкулу і працягвае, – “Празь некалькі тыдняў пасьля выбараў Лукашэнка абвясьціў, што арштыуе як мінімум 15 карумпаваных прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу. Сёньня ў асяродку кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў ўсё часьцей гучыць пытаньне : хто будзе наступным".

Як піша "Neue Zuercher Zeitung", неспакойная сытуацыя ў Беларусі выклікае вялікую заклапочанасьць ў розных эўрапейскіх структурах. У адным са сваіх апошніх інтэрвію беларускім СМІ амбасадар Вік заявіў датычна перасьледу тых чыноўнікаў, якія ў часе выбараў супрацоўнічалі з апазыцыяй. Наведаўшы напрыканцы мінулага году Менск, прадстаўнікі рабочай групы АБСЭ канстатавалі, што Лукашэнка ўсё больш паглыбляецца ў ізаляцыю. Заклік Захаду падтрымаць і зьдзейсьняць ў жыцьцё дэмакратычныя і эканамічныя рэформы застаўся непачутым. Аднак беларускае кіраўніцтва працягвае настойваць на тым, каб мандат АБСЭ быў абмежаваным. Інакш, – пагражае Менск, – місія АБСЭ ў Беларусі наагул будзе зачыненая. Як паведаміў швайцарскаму журналісту супрацоўнік беларускага МЗС, Менск незадаволены занадта актыўнай роляй АБСЭ ў палітычным жыцьці краіны.

Тымчасам новы старшыня АБСЭ, партугальскі міністар Гама падкрэсьлівае, што ў кампэтэнцыі КНГ якраз уваходзіць актыўная праца дыпляматаў ў часе кансультацыяў розных дэмакратычных структураў і стварэньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Як сьведчыць спадар Гама, Эўропа мае намер рашуча падтрымліваць захаваньне КНГ у Менску, а таксама дзейнасьць гэтае арганізацыі ў адпаведнасьці зь ейным мандатам, – піша "Neue Zuercher Zeitung".