МЗС ПОЛЬШЧЫ АДКАЗАЛА НА БЕЛАРУСКУЮ НОТУ ПРА ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ

Ул. інф.

Як паведаміла нам крыніца ў амбасадзе Польшчы ў Менску, зьмест ноты польскага МЗС быў наступным: Інстытут усходніх дасьледаваньняў, які ёсьць аўтаномнай дасьледчыцкай установай у рамках Міністэрства эканомікі Польшчы, працуе, абапіраючыся на агульнадаступныя крыніцы — прэса, Інтэрнэт, сродкі масавае інфармацыі СНД.

“Такім чынам, дасьледаваньні, якія інстытут праводзіць для польскіх уладаў, ня ёсьць афіцыйнай пазыцыяй Варшавы”, — працытавала ноту крыніца з польскай амбасады. Публікацыі інстытуту не зьяўляюцца афіцыйнымі выказваньнямі польскіх уладаў, падкрэсьліў дыплямат.

Адметна, аднак, што амбасадар Марыюш Машкевіч не сказаў, што Польшча лічыць хлусьнёй публікацыі пра продаж беларускай зброі тэрарыстам.

“Сутнасьці праблемы мы не закранулі — толькі яе фармальны бок”, — зазначыў супрацоўнік польскай амбасады. Ён таксама нагадаў, што Інстытут усходніх дасьледаваньняў раней інфармаваў беларускую амбасаду ў Варшаве пра свае зьвесткі на гэтую тэму й нават прасіў арганізаваць адмысловую сустрэчу, але яна не адбылася.

Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка паведаміў, што аналягічныя ноты былі дасланыя 16 студзеня таксама дыпляматычным ведамствам ЗША й Ізраілю, але гэтыя дзьве краіны пакуль на іх не адказалі.