МІЖНАРОДНЫ КЛЮБ ДЫРЭКТАРАЎ АБМЯРКОЎВАЕ АРЫШТ ЛЯВОНАВА

Міхал Стэльмак, Менск

У Міжнародным клюбе дырэктараў, прэзыдэнтам якога застаецца зьняволены Міхаіл Лявонаў, высунутыя супраць яго абвінавачаньні зараз праходзяць юрыдычную экспэртызу.

Зрэшты, паводле папярэдніх высноваў, эканамічныя злачынствы, якія інкрымінуюць экс-кіраўніку МТЗ, — надуманыя. У прыватнасьці, так лічыць старшыня рады Міжнароднага клюбу дырэктараў Яўген Доўгель.

(Догель: ) “Яго трэба ацэньваць паводле двух дакумэнтаў. Першы — гэта статут прадпрыемства, які дае паўнамоцтвы. І другі — кантракт. У кантракце і статуце яму нададзеныя правы, якія прадугледжаныя Законам аб прадпрыемстве, дзе кіраўнік сам вызначае цану на прадукцыю прадпрыемства і ніхто ня мае права ўмешвацца ў гэта.

Таго, хто абвінавачвае, што такія зьдзелкі былі неэфэктыўныя, трэба адразу ж адзначыць — такога “дарагога залатога” чалавека. Раз ты такі разумны, то Лявонава — далоў, а яму сказаць: сядай і кіруй заводам! Калі ж узяць іншы крытэр і ацэньваць па канкрэтнай зьдзелцы, то, я мяркую, усіх кіраўнікоў можна пасадзіць”, — мяркуе спадар Доўгель, які ў свой час узначальваў адно з навукова-вытворчых прадпрыемстваў краіны.

Падобнай думкі прытрымліваецца і прэзыдэнт Беларускай канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Міхаіл Лаўрыновіч.

(Лаўрыновіч: ) “Дырэктар кожны дзень прымае энную колькасьць рашэньняў. Не заўжды яны могуць быць ідэальнымі. Гэта нагадвае, напрыклад, копку бульбы. Выкапаў яе — а там адна бульбіна гнілая. Так і ў працы дырэктара. Ён за дзень прымае, скажам, дзесяць рашэньняў: дзевяць добрых, а адно рызыкоўнае. Апроч таго, на заводзе ж бываюць і аварыі. Адным словам, дырэктара можна абвінаваціць заўжды”, — лічыць Міхаіл Лаўрыновіч, які доўгі час працаваў дырэктарам Менскага аўтазаводу.

З той прычыны, што парушэньні, у якіх абвінавачваецца Міхаіл Лявонаў, ёсьць у працы кожнага айчыннага дырэктара, у асяродзьдзі прамыслоўцаў цяпер пануе страх. Як вынік, некаторыя кіраўнікі, паводле зьвестак з добра інфармаваных крыніцаў, пачалі зьвяртацца ў Міністэрства прамысловасьці з просьбай пра адстаўку.