Паводле бэрлінскага экспэрта Гайнца Тымэрмана, акрамя вядомага імя Хайкена зараз фігуруюць яшчэ некалькі імёнаў.
(Тымэрман: ) “Пераемніка Віку ўсё яшчэ шукаюць. Зараз як прэтэндэнта на пасаду кіраўніка місіі называюць яшчэ некалькі кандыдатураў, іхныя імёны я не магу вам назваць”.
Паводле Гайнца Тымэрмана, у такім абмеркаваньні ва ўмовах дэмакратыі няма нічога надзвычайнага. Новыя кампрамісныя кандыдатуры зьвязаныя з той тупіковай сытуацыяй, якая склалася апошнім часам у зьвязку зь лёсам КНГ АБСЭ ў Менску, з тымі ўмовамі, якія выстаўляе эўрапейскім структурам афіцыйны Менск.
(Тымэрман: ) “Імя пераемніка Віка будзе названае ў наступныя тыдні. Я ўпэўнены, што лінія пасьлядоўніка Віка ня будзе моцна адрозьнівацца. Ён спачатку, як і Вік, будзе спрабаваць наладзіць дыялёг з рэжымам”.
(Карэспандэнтка: ) “У той час, як Амэрыка настойвае на тым, каб не рабіць якіх-небудзь саступак рэжыму (гэта ілюструе апошні выступ амбасадара ЗША пры АБСЭ), ад эўрапейскіх палітыкаў можна пачуць тэзу адносна стаўкі на дыялёг зь беларускім кіраўніцтвам. Паводле некаторых крыніцаў, шэраг эўрапейскіх урадаў можа пайсьці на зьмены ў мандаце. Якія гэта могуць быць зьмены?”
(Тымэрман: ) “Я ня ўпэўнены, што мандат АБСЭ будзе радыкальна зьменены. Будзе запрашацца пэрманэнтна афіцыйная дэлегацыя назіральнікаў. Я ня ўпэўнены, што Рада Эўропы, якая дала нэгатыўную ацэнку прэзыдэнцкім і парлямэнцкім выбарам, раптам зьменіць сваё стаўленьне да прызнаньня ўладаў.
Аднак, канечне, імкненьні да разьвіцьця стасункаў ёсьць, бо Эўропа перакананая, што мінулая стратэгія ізаляцыі альбо самаізаляцыі Лукашэнкавага рэжыму сябе не апраўдала. Задача ў тым, каб усе каналы зь Беларусьсю — з рэжымам і апазыцыяй — былі прыведзеныя ў рух”, — лічыць вядучы нямецкі экспэрт у пытаньнях Беларусі Гайнц Тымэрман.
Меркаваньні нямецкіх палітыкаў больш катэгарычныя. У размове з Радыё Свабода дэпутат Бундэстагу ад сацыял-дэмакратаў Вольфган Бэрэндт сказаў:
(Бэрэндт: ) “Я думаю, што Беларусь павінна прыняць умовы АБСЭ. Аб тым, чаго патрабуе афіцыйны Менск, — абмежаваньні паўнамоцтваў місіі, ня можа ісьці й размовы. Лічу таксама, што калі АБСЭ прапаноўвае сваю кандыдатуру, то гэта павінна быць прынята афіцыйным Менскам. АБСЭ — арганізацыя, якая раней выконвала вельмі важную ролю для Беларусі, і гэтая місія ў яе захавалася”.