АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ НЕ СТАЕ ХАРЧАВАНЬНЯ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Курапатах начавалі восем чалавек, але раніцай засталіся толькі трое — астатнія разьехаліся на працу альбо вучобу. Валанцёры палілі ў печы й нарыхтоўвалі дровы на вечар. Аднак настрой у хлопцаў быў ня надта вясёлы, яны лічаць, што пасьля ўрачыстасьцяў, зьвязаных з аднаўленьнем памятнага амэрыканскага знаку, цікавасьць да Курапатаў у грамадзтве пачала зьніжацца. Гаворыць валанцёр Алесь Гетман:

(Гетман: ) “Пасьля таго буму, калі тут быў амэрыканскі амбасадар, людзі перасталі зьвяртаць на нас увагу, і мне падаецца, што пра Курапаты будуць проста забываць. Курапаты ня будуць першаснай падзеяй.

У нас увогуле няма ніякага фінансаваньня, няма ніводнай бляшанкі тушонкі, каб прыгатаваць грэчку ці макарону. Яшчэ засталося трохі сала, вось гэтым і харчуемся. Што будзе далей — ня ведаю. Я заклікаю людзей — хто мае магчымасьць дапамагчы — прыходзьце, мы заўсёды будзем вам рады”.

Пакідаць курапацкую варту валанцёры не зьбіраюцца, яны спадзяюцца, што праблема з харчаваньнем нейкім чынам вырашыцца. Абаронцы Курапатаў сьцьвярджаюць, што ніякай апатыі ў іхных шэрагах у зьвязку зь цяжкім становішчам няма.

Яны вельмі задаволеныя, што іхным жыцьцём пачалі цікавіцца лідэры дэмакратычнай апазыцыі з рэгіёнаў Беларусі. Так, усю сёньняшнюю ноч разам з хлопцамі правёў у намёце адзін зь лідэраў апазыцыі з Гарадзеншчыны, прафэсар гарадзенскага мэдунівэрсытэту Алесь Астроўскі. Спадар Астроўскі лічыць, што дзеля таго, каб зразумець, чым ёсьць Курапаты для беларусаў, трэба хаця б адну ноч правесьці ў лягеры абаронцаў мэмарыялу.

Валанцёры кажуць, што пасьля таго, як яны выключна ўласнымі сіламі падрыхтавалі тэрыторыю Курапатаў да ўрачыстасьці аднаўленьня мэмарыяльнага знаку, у іх яшчэ ў большай ступені палепшыліся адносіны з жыхарамі суседняга мікрараёну, будаўнікамі й міліцыянтамі, што пільнуюць лаўку Клінтана. Алесь Гетман працягвае:

(Гетман: ) “Відавочныя зьмены ёсьць, яны-такі пабачылі, што чагосьці мы дамагліся. Міліцыянты ўвогуле глядзяць на нас як невядома на каго. Больш стала павагі й з боку будаўнікоў”.

Сёньня абаронцы Курапатаў працягвалі майстраваць новыя крыжы, якія агароджай будуць усталяваныя ўздоўж урочышча, як толькі стане цяплей.