АМБАСАДАР ЗША МАЙКЛ КОЗАК ВЫСТУПІЎ У КУРАПАТАХ

Юры Сьвірко, Менск

Амэрыканскі амбасадар Майкл Козак, нагадаўшы, што ў Курапатах ляжаць “ахвяры ўраду, які правіў у краіне”, а не замежных захопнікаў, адразу пасьля гэтага зазначыў:

(Козак: ) “Для тых, хто задаецца пытаньнем, чаму мая краіна мае такую цікавасьць да формаў кіраваньня ў іншых краінах, — адказ ляжыць у такіх месцах, як гэтае. Дэмакратычныя сыстэмы, іхная падкрэсьленая адкрытасьць і падсправаздачнасьць ёсьць нашай найлепшай абаронай ад такіх жахлівых злачынстваў. Без такой абароны найбольш бязьлітасныя і цынічныя палітычныя лідэры забясьпечваюць сабе ўладу й утрымліваюць яе”.

Амбасадар ЗША Майкл Козак таксама падкрэсьліў, што ня толькі ў ЗША былі палітычныя тэрарысты:

(Козак: ) “Згубіўшы нядаўна тысячы нявінных у атаках 11 верасьня, Злучаныя Штаты ўдзячныя за тыя выказваньні смутку, што мы атрымалі ад народу Беларусі. Вы ведаеце, што гэта такое — губляць бацькоў, маці, сыноў, дачок, братоў, сясьцёр, жонак... і мужоў — ад рук палітычных тэрарыстаў”.

Сярод тых, хто слухаў прамову амбасадара Козака ў Курапатах, былі жонкі Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, якія зьніклі за два гады да тэрактаў у ЗША. Зінаіда Ганчар ды Ірына Красоўская таксама пачулі наступную заяву Майкла Козака:

(Козак: ) “Успамінаючы пра тых, хто загінуў у мінулым, мы мусім памятаць, што нашыя ўчынкі таксама будуць ацэненыя”.

Пасьля амбасадара Козака слова атрымаў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Сычоў, які зьвярнуў увагу ня толькі на восьмыя ўгодкі ўсталяваньня ў Курапатах мэмарыяльнае лаўкі.

(Сычоў: ) “Мы памятаем гэты дзень яшчэ як і важную дату ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях. Візыт у 1994 годзе ў Беларусь прэзыдэнта Злучаных Штатаў Біла Клінтана застаецца адным з найбольш значных этапаў у адносінах паміж Беларусьсю й Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Сёньня, аднаўляючы знак памяці аб ахвярах жахлівага генацыду, мы выразна ўсьведамляем, што нашыя нацыі належаць да адной цывілізацыі, падзяляюць вельмі блізкія каштоўнасьці. І беларусы, і амэрыканцы катэгарычна не прымаюць і рашуча супрацьстаяць нянавісьці, гвалту, таталітарызму, тэрору, любым замахам на чалавечую годнасьць, свабоду, жыцьцё”.

Аляксандар Сычоў дадаў, што гэтая еднасьць поглядаў і падыходаў — “зарука паступовай і пасьпяховай адбудовы добрых дачыненьняў” паміж Беларусьсю й ЗША.

Прамову й саму прысутнасьць у Курапатах намесьніка міністра замежных справаў я папрасіў пракамэнтаваць амэрыканскага амбасадара Майкла Козака.

(Козак: ) “Я не хачу займацца паліталёгіяй менавіта зараз. Тут ня тая нагода для гэтага. Мажліва, мы пагаворым пра гэта наступным тыднем ці пазьней. Я не зьбіраюся казаць пра палітычныя стасункі зараз”, — сказаў Радыё Свабода амбасадар ЗША ў Менску Майкл Козак, пакідаючы Курапаты.