З дакладу вынікае, што наступствы выбуху нібыта моцна перабольшаныя. Старшыня фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы лічыць, што даклад экспэртаў МАГАТЭ ёсьць змовай гэтай арганізацыі зь беларускім урадам. Генадзь Грушавы адказаў на пытаньні нашай карэспандэнткі.
На думку экспэртаў МАГАТЭ, многія людзі хварэюць не ад узьдзеяньня радыяцыі, а ад таго, што іх перасялілі ў новыя месцы. Акрамя таго, экспэрты ўказалі, што “чарнобыльцы” маюць зашмат ільготаў і залежаць ад фінансавай дапамогі Захаду.
(Карэспандэнтка: ) “Чаму праз 15 гадоў пасьля Чарнобыльскай катастрофы, калі ўсім вядомыя лічбы колькасьці ахвяраў трагедыі, стала магчыма зьяўленьне такога даклада?”
(Грушавы: ) “Звычайна экспэрты МАГАТЭ зьяўляюцца ў нашай краіне тады, калі ўрад зацікаўлены менавіта ў такіх высновах, менавіта ў такім дакладзе. Нагадаю, у 1990 годзе, калі міжнародная супольнасьць упершыню даведалася пра сапраўдны маштаб Чарнобыльскай катастрофы, а ўрад тагачаснага Савецкага Саюзу ўжо ня меў магчымасьці абвергнуць гэтую інфармацыю — ён запрасіў экспэртаў МАГАТЭ.
Яны цягам 4–5 месяцаў правялі дасьледаваньні й зрабілі справаздачу-даклад. Галоўны вынік таго дакладу: Чарнобыль не пагражае здароўю і жыцьцю людзей. Гэта была такая абраза для беларускіх навукоўцаў і для ўсяго беларускага грамадзтва, што Вярхоўны Савет 12 скліканьня, які разглядаў гэтую справаздачу, нават паставіў пытаньне, каб забараніць наведваць Беларусь гэтым экспэртам”.
(Карэспандэнтка: ) “Якімі крыніцамі карысталіся экспэрты?”
(Грушавы: ) “Гэтая група карысталася выключна афіцыйнымі крыніцамі, якія адпавядалі інтарэсам сёньняшняга ўраду. Яны не правялі ніводнага самастойнага дасьледаваньня. Яны не азнаёміліся з дасьледаваньнямі тых установаў, якія не падпарадкаваныя ўраду.
Нават у 1990 годзе прапаноўвалі некаторым так званым экспэртам прыехаць у Брагін ці ў Нароўлю, разьвярнуць там палявую дасьледчую станцыю, каб яны там цягам 12–14 месяцаў рабілі б самастойныя дасьледаваньні. Ніводны так званы экспэрт не знаходзіўся ў Чарнобыльскай зоне больш, чым некалькі дзён! Калі ўжо казаць аб кваліфікацыі такіх навукоўцаў, то я лічу, што яны страцілі маральнае права звацца навукоўцамі”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці можа гэта неяк паўплываць на сытуацыю ў Беларусі?”
(Грушавы: ) “Гэта змова з урадам нашай краіны. Было абвешчана менавіта Лукашэнкам, што 2000 год зьяўляецца апошнім годам, калі краіна перамагае наступствы Чарнобыльскай катастрофы.
Пасьля гэтага пачынаецца вяртаньне людзей у Чарнобыльскія зоны, гэта аднаўленьне вытворчай дзейнасьці, гэта гаспадарчая вытворчасьць, гэта маладыя спэцыялісты, якіх прымусова накіруюць туды, гэта вяртаньне да жыцьця вось гэтых рэгіёнаў. Гэты даклад дазваляе сёньня ўраду адмовіць у тых артыкулах сацыяльнай абароны, якія яшчэ захоўваюцца падчас панаваньня рэжыму Лукашэнкі людзям, якія пацярпелі ад Чарнобылю”.
(Карэспандэнтка: ) “Што Вы робіце з гэтае нагоды?”
(Грушавы: ) “У бліжэйшыя два дні я выяжджаю ў Эўропу. Буду сустракацца зь вельмі ўплывовымі асобамі розных эўрапейскіх краінаў. Мы будзем выпрацоўваць агульную праграму, як дзейнічаць ва ўмовах, калі, прыкрываючыся аўтарытэтным імем ААН гэтыя зацікаўленыя структуры МАГАТЭ спрабуюць зноў пакінуць беларусаў без усялякай міжнароднай дапамогі”.