МЗС ПАПЯРЭДЖВАЕ НТВ, НЯ ХОЧА КАМЭНТАВАЦЬ ПУБЛІКАЦЫІ ПРА ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ І АБВІНАВАЧВАЕ Ў ГЭТЫХ ПУБЛІКАЦЫЯХ ВІЛЬНЮ

Юры Сьвірко, Менск

Менскі карэспандэнт НТВ Павал Селін параўнаў сытуацыю ў беларускім дырэктарскім корпусе з дэтэктывам Агаты Крысты “Дзесяць нэграняткаў”, але нагадаў пра Лукашэнкаву заяву наконт 15 мажлівых ахвяраў. Акрамя таго, спадар Селін зазначыў, што прадукцыя трактарнага заводу галоўным чынам ідзе ў Расею, і дадаў: “Хутчэй за ўсё, менавіта найшырэйшыя кантакты з расейскім бізнэсам і падвялі Міхаіла Лявонава. Як вядома, прэзыдэнт Лукашэнка зараз актыўна супраціўляецца масаваму ўкараненьню расейскага капіталу ў прыбытковыя беларускія галіны. І ня менш актыўна пазбаўляецца ад тых, хто заўважаны ў надта шчыльных гаспадарчых сувязях з братэрскай Расеяй”.

За гэта Паўла Селіна выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Беларусі, дзе заявілі, што ён нібыта зьняважыў народ Беларусі ды ейнага кіраўніка. На сёньняшнім брыфінгу выканаўца абавязкаў прэсавага сакратара МЗС Андрэй Савіных патлумачыў:

(Савіных: ) “Рэпартаж, перададзены па НТВ, а дакладней — ня сам рэпартаж, а аўтарскія камэнтары да яго мелі такі характар, які быў успрыняты МЗС як зьневажальны, скажальны што да рэальнай сытуацыі й рэальных падзеяў, а таксама сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, зьвязанай з пытаньнямі барацьбы з карупцыяй”.

Спадар Савіных дадаў, што расейская амбасада ў Менску атрымала ноту, дзе выказвалася шкадаваньне з нагоды тэлерэпартажу й меркаваньне, што ён супярэчыць “духу канструктыўнага супрацоўніцтва” паміж Беларусьсю й Расеяй.

Наконт афіцыйнага папярэджаньня карэспандэнту НТВ ці прабачэньняў зь ягонага боку прадстаўнік МЗС не сказаў нічога — маўляў, проста “адбылася гутарка”. Хаця НТВ перадало ў эфіры пункт погляду МЗС, сам Павал Селін заявіў: “Я вельмі рады, што мая сьціплая праца можа паўплываць на такую “моцную” структуру, як “саюз” Беларусі й Расеі”. У гэтай цытаце словы “моцная” і “саюз” былі ўзятыя ў двукосьсе.

Цікава, што спадара Селіна запрасілі ў МЗС па-за чаргой. Сёньня скончылася першая дэкада студзеня, цягам якой міністар Міхаіл Хвастоў абяцаў запрасіць мяне й абмеркаваць публікацыі пра беларускі гандаль зброяй зь міжнароднымі тэрарыстамі. Аднак менавіта ў гэтай дэкадзе ва ўплывовай газэце “Washington Post” зьявіўся допіс, дзе Беларусь была названая “эўрапейскім арсэналам для тэрарызму” й распавядалася пра сувязі Аляксандра Лукашэнкі з Іракам.

Чаму Міністэрства замежных справаў не рэагуе на гэтую публікацыю? На гэтае пытаньне адказаў Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Тут, напэўна, патрэбныя камэнтары больш шырокага пляну. Справа ўся ў тым, што пэрыядычна ў сродках масавае інфармацыі зьяўляюцца артыкулы, у якіх зусім беспадастаўна заяўляецца пра тое, што Рэспубліка Беларусь ажыцьцяўляе гандаль зброяй з краінамі, зь якімі гандляваць зброяй забаронена. Прычым, калі пачынаеш разьбірацца з гэтым пытаньнем, дык высьвятляецца, што крыніца, як правіла, адна — гэта нейкія журналісцкія ці каляжурналісцкія колы ў Вільні”.

Паводле МЗС, Беларусь адказна ставіцца да сваіх забавязаньняў наконт рэжымаў нераспаўсюджваньня й гандлю зброяй. “Існуе канкрэтны, вельмі жорсткі рэжым экспартнага кантролю, які, дарэчы, у Рэспубліцы Беларусь разьвіваўся пры спрыяньні Злучаных Штатаў Амэрыкі ды іх непасрэдным удзеле, які не дазваляе ажыцьцяўляць гэты гандаль таемна ці нейкім чынам яшчэ”, — заявіў Андрэй Савіных зь беларускага МЗС.

Аднак намесьнік міністра абароны ў пытаньнях узбраеньня Пётра Рагажэўскі сказаў у інтэрвію агенцтву БелаПАН, што Беларусь ажыцьцяўляе пастаўкі спэцыяльнае тэхнікі й зброі ў Кітай, Віетнам, Альжыр “ды іншыя краіны”. Паводле генэрал-маёра Рагажэўскага, у Ірак “ніхто нічога не пастаўляў і пастаўляць не зьбіраецца” але з рээкспартам зброі змагацца “досыць цяжка”.

Нагадаю, што нашумелыя публікацыі пра Беларусь якраз і абвінавачалі афіцыйны Менск у продажы зброі тэрарыстам праз трэція краіны. Ізраільскі штотыднёвік “DEBKA” нават падаў канкрэтнае прозьвішча й напісаў, што Ліба Ройс, былы намесьнік міністра абароны Харватыі, рээкспартуе “Лукашэнкаву зброю” міжнародным тэрарыстам.