Пасьля двух тыдняў папярэдняга разьбіральніцтва, куды зьніклі сем з васьмі частак фільма “Госьці”, што быў зьняты на Беларусьфільме рэжысэрам Русланам Зголічам, сьледчыя прыйшлі да высновы, што фільм скраў аўтар і прад’явілі яму афіцыйнае абвінавачаньне.
Зголічу пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы, бо зьніклую стужку ацанілі на 30 тысяч даляраў, а гэта крадзеж у асабліва буйных памерах. Руслана Зголіча пасьля прад’яўленьня абвінавачаньня адразу ж затрымалі, а потым накіравалі на экспэртызу ў псыхіятрычны шпіталь.
Пастанова пракуратуры паводзіны Зголіча ацэньвае як неадэкватныя. А вось адвакат рэжысэра Павал Сапелка ня згодны зь дзеяньнямі міліцыі адносна свайго падабароннага:
(Сапелка: ) “Руслану пры прад’яўленьні абвінавачаньня было адмоўлена ў азнаямленьні з дакумэнтамі на беларускай мове, і тады ж яму адмовілі ў сустрэчы сам-насам з адвакатам. Адразу пасьля гэтага яму надзелі кайданкі й адвялі ў пастарунак”.
Паводле адваката Сапелкі, з пастарунку Зголіча адвезьлі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках пад Менскам. Адвакат лічыць гэтую меру незаконнай, бо спачатку пры падазрэньні на псыхічную хваробу чалавека трэба накіраваць у амбуляторны пункт.
Паводле адваката, Зголіч не падобны да псыхічна хворага. Некаторыя экстравагантныя ўчынкі Зголіча адвакат тлумачыць асаблівасьцямі творчага характару, а таксама тым, што ён быў пазбаўлены магчымасьці законна весьці барацьбу за свой фільм. “Інакш яму змагацца было вельмі складана. Прыкладам, ён накіраваў у Міністэрства культуры чатыры скаргі, але атрымаў толькі адзін адказ, ды і той зь “Беларусьфільма”, на кіраўнікоў якога ён скардзіўся”, — распавёў адвакат.
Пракамэнтаваць крымінальную справу супраць Зголіча адвакат адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што да завяршэньня экспэртызы яму не даюць гэтых дакумэнтаў. Гэтая экспэртыза, паводле закону, можа цягнуцца ня больш за месяц.
Між тым, у Першамайскай міліцыі й пракуратуры перакананыя, што Руслану Зголічу патрэбны курс псыхіятрычнага лячэньня. Пра гэта кажуць і кіраўнікі кінастудыі “Беларусьфільм”, а таксама некаторыя ягоныя калегі са здымачнай групы, зь якімі ён працаваў над стужкай “Госьці”.
Практыка зьмяшчэньня ў “псыхушкі” людзей, што пратэстуюць супраць існых парадкаў, атрымала распаўсюд у былым СССР з канца 1960-х гадоў. Спэцслужбы тады адпрацавалі цэлую сыстэму барацьбы супраць іншадумцаў з дамапогай псыхічных шпіталяў, што ператварыліся ў турмы. Паводле розных крыніцаў, гэткім чынам былі ізаляваныя некалькі тысяч дысыдэнтаў і проста людзей, нязгодных зь нейкімі парадкамі.
Пакуль невядома, ці магчыма гісторыю Руслана Зголіча паставіць у адзін шэраг з гэтай заганнай практыкай савецкага часу, але падобнага ў ёй ужо шмат. Паводле апошніх зьвестак, у шпіталі рэжысэр Зголіч абвесьціў галадоўку.