ЖАРНАСЕК: “ПРЫ ПРАСЛУХОЎВАНЬНІ ІХНЫХ ТЭЛЕФОННЫХ РАЗМОВАЎ ІХ ЧУЕ УВЕСЬ ДОМ”

Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Як бы вы пракамэнтавалі гэткія меркаваньні?”

(Угляніца: ) “Вы ведаеце, гэтая гісторыя не зьяўляецца правакацыяй спэцслужбаў, каб дыскрэдытаваць зьніклых апазыцыянэраў. Гэтая справа была нашай асабістай ініцыятывай. І мы зьехалі, падкрэсліваю зьехалі, а не ўцяклі, зь Беларусі толькі таму, што ўзьнікла небясьпека для нашай справы і асабіста для нас. Калі бы мы гэтага не зрабілі, то невядома што бы адбылося, і магчыма праблема з зьніклымі людзьмі так і засталася нявырашанай. А цяпер у нас разьвязаныя рукі, мы можам працягнуць гэтую справу далей, тым больш, што людзі, якія засталіся там, ведаюць, што адбываецца ў краіне, і яны будуць дапамагаць нам і надалей у ажыцьцяўленьні нашых плянаў.

Што тычыцца непасрэдна нашага зьезду зь Беларусі, то ён адбыўся ў самы апошні момант, калі мы страцілі ўсялякую магчымасьць кантраляваць сытуацыю. У гэтым пляне тыя камэнтары, якія прагучалі на Беларускім тэлебачаньні, я маю на ўвазе камэнтары прадстаўнікоў спэцслужбаў, то яны зьявіліся прыкрыцьцём. Зроблена гэта было дзеля таго, каб увесьці ў зман людзей, якія цікавіліся гэтай справай. Менавіта спадар Котаў, які добра ведае мяне асабіста, зь якім мы шматкроць сустракаліся, “не пазнаў” мяне на тэлебачаньні, а калі ён згадаў пра тое, што мяне могуць “не знайсьці жывым”, я зразумеў, што для мяне зьявілася сапраўдная небясьпека, нават з боку нашых спэцслужбаў, якія маглі бы прыняць пэўныя захады для таго каб, як сказаў таварыш Котаў, нас “не знайшлі жывымі” і каб пахаваць гэтую справу.

Але на жаль для іх і на нашае шчасьце гэтага не адбылося. Мы не адступімся ад сваёх плянаў”.

(Жарнасек: ) “Ведаеце, гэтае пытаньне наконт правакацыі пачало мусіравацца адразу ў самой апазыцыі, прычым адным з галоўных закідаў было: чаму апазыцыя нічога ня ведала пра наша расьсьледваньне”.

(Навумчык: ) “Дарэчы, сапраўды, чаму яна нічога ня ведала пра ваша расьсьледваньне?"

(Жарнасек: ) “Ведаеце, дзякуй Богу, што яна нічога ня ведала, бо каб яна ведала штосьці, наша апазыцыя, то мы таксама маглі б перасяліцца ў раён Бягомля”.

(Навумчык: ) “Што вы маеце на ўвазе?”

(Жарнасек: ) “Маю на ўвазе, што мы маглі б заняць суседнюю яміну на той самай паласе, бо ў нашай апазыцыі вельмі мала сумленных людзей і людзей з мазгамі. У іх звычайна, што ў галаве, то й на языку. Апрача таго, яна досыць насычаная тымі самымі агентамі ўплыву і гэтак званымі “сябрамі” супрацоўнікаў. Там ёсьць і КГБ, і Рада Бясьпекі, і асабістыя сябры самаго Шэймана, якія ўсе лічацца “ў апазыцыі”. Знаходзячыся ў ёй, яны яе фактычна кантралююць. Я спадзяюся, што ўсе зразумелі пра каго я гавару”.

(Навумчык: ) “Вы ня хочаце назваць нейкія прозьвішчы для эфіру?”

(Жарнасек: ) “… Яны ведаюць адзін аднаго”.

(Навумчык: ) “Да вас яшчэ адно пытаньне. За жонкай Генадзя Ўгляніцы ўвесь час, пакуль ён не затэлефанаваў з Нарвэгіі сачылі супрацоўнікі КГБ, але вы нават не былі абвешчаныя ў вышук і, больш таго, паводле інфармацыі нашага менскага карэспандэнта Алега Грузьдзіловіча, ваша жонка ды вашыя сваякі нават не зьвярталіся ў міліцыю. Чым вы гэта патлумачылі?”

(Жарнасек: ) “Ведаеце, справа ў тым, што я сапраўды вымушаны быў зьехаць, кінуўшы цяжарную жонку. 25-га жніўня мы зьехалі, а 4-га верасьня ў мяне нарадзілася трэцяе дзіця, трэцяя дачка. Куды я мог забраць сям’ю зь цяжарнай жонкай. Гэта па-першае. Па-другое, яны сачылі за нашымі сем’ямі, слухалі нашы тэлефоны, і сочаць нават цяпер, слухаюць нашы тэлефоны. Па-трэцяе, інфармацыя пра тое, што Генадзь у Нарвэгіі, а я ў Ангельшчыне, зьявілася пасьля таго, як мы патаэлефанавалі дахаты. Яны праслухоўвалі нашы тэлефоны, і потым адразу данесьлі непасрэдна Лукашэнку. А чаму зьнікла інфармацыя, што я знаходжуся ў Ангельшчыне? Бо калі я патэлефанаваў дахаты я сказаў жонцы (а яна хацела жыць у краіне, у якой была бы каралева): “у гэтай краіне ёсьць каралева, і, дарэчы, пачынай вучыць ангельскую мову”. З гэтага супрацоўнікі КГБ зрабілі выснову, што я знаходжуся ў Ангельшчыне, бо яны напэўна ня ведаюць, што апрача ангельскай каралевы, ёсьць яшчэ шмат іншых каралеваў: гішпанская, дацкая, швэдзкая, нарвэская”.

(Навумчык: ) “Як зразумець, што яна хацела, каб у краіне была каралева?”

(Жарнасек: ) “Ведаеце, яна – рамантычная асоба. Ёй вельмі падабаюцца кнігі пра каралеўскія дынастыі”.

(Навумчык: ) “Разумею, але калі вяртацца да вашага ад’езду, выглядае, што вы папярэдзілі сваю жонку пра свой ад’езд?”

(Жарнасек: ) “Я магу сказаць, што мяне жонка сама выгнала з хаты, калі я ўсё гэта ёй распавёў”.

(Навумчык: ) “Што вы маеце на ўвазе?”

(Жарнасек: ) “Я маю на ўвазе тое, што яна мне сказала: “Я ўсё разумею. Уяжджай! Табе трэба зьехаць! Яны ж цябе заб’юць.” Яна сказала, каб я не хваляваўся за дзяцей і зьехаў”.

(Навумчык: ) “Ці мае нешта дадаць на гэты конт Генадзь Угляніца?”

(Угляніца: ) “Калі мы зьехалі, мы не тэлефанавалі дадому да таго моманту, пакуль мы не апынуліся ў бясьпечным становішчы. Я таксама затэлефанаваў сваім сваякам і размаўляў зь імі, і сказаў, што знаходжуся ў Нарвэгіі. Ужо на наступны дзень гэтая інфармацыя была агучаная ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Цікавы выпадак, калі я тэлефанаваў дахаты, мая цёшча мне кажа: “ты сюды затэлефанваў, а людзі ў машыне, якая стаіць каля пад’езду таксама пачалі тэлефанаваць кудысьці. Я ўключыла тэлевізар, шосты канал, а там трансьлюецца іхная гутарка з кіраўніцтвам і я чую ўсе словы, якія ты мне зараз кажаш. Яны пераказваюць іх некуды ў цэнтар”. Кажа, што ім было вельмі цікава за гэтым назіраць”.

(Навумчык: ) “Няўжо ў супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія сачылі за вашай сям’ёй, такая тэхніка, што яе можна перахопліваць праз тэлевізар?”

(Угляніца: ) “Я ня ведаю, зь якой яны там тэхнікай былі. З гэтым пытаньнем лепш зьвярнуцца да гэтых супрацоўнікаў, якія адсочвалі мае кантакты. Што тычыцца таго, што за Інэсай сачылі, сачылі за хатай, тут я таксама магу расказаць вельмі цікавы выпадак. Людзі, якія сачылі за ёй, падвозілі яе і майго сына на машыне ў школу, хадзілі зь ёй на базар, дапамагалі паднесьці валізкі з прадуктамі. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што і ў КГБ ёсьць сумленныя людзі, якія разумеюць тое становішча, у якім я апынуўся, і ў якім апынулася мая сям’я”.

(Жарнасек: ) “Наконт таго, што іх было чуваць па тэлевізіі, гэтыя іхныя перамовы, я магу спаслацца на гутарку сям’і Захаранкі, здаецца, альбо сям’і Ганчара. Яны таксама распавядалі пра тое, што пры праслухоўваньні іхных тэлефонных размоваў іх чуе увесь дом. Што дом на канале менавіта СТВ ловіць гэтыя перамовы гэтага прыстасаваньня, якое яны паставілі на тэлефонны дрот. Ня ведаю, як яно працуе, але можна было слухаць на канале СТВ. Вось такі ўзровень тэхнікі”.

(Навумчык: ) “І яшчэ адно пытаньне да спадара Ўгляніцы. Спадар Генадзь, ці вядома вам, што адбывалася ў КГБ на былым месцы вашай працы пасьля вашых уцёкаў? Ці ёсьць у вас нейкая інфармацыя?”

(Угляніца: ) “Дакладных зьвестак у мяне няма, але мяркуючы па сытуацыі, якая склалася пасьля таго, як я заявіў, што знаходжуся ў Нарвэгіі, я праз свае сувязі ў Менску адсачыў, што там рыхтаваліся й правакацыі супраць мяне, і супраць маёй сям’і, што рабіліся захады, каб адрэзаць іх ад інфармацыі, каб адрэзаць іх ад сяброў ды знаёмых, на якіх адбываўся ўціск з боку “невядомых” структураў і людзей. А што цяпер адбываецца ў КГБ? Пра гэта лепш спытаць у саміх прадстаўнікоў КГБ. Дарэчы, кіраўнік майго ўпраўленьня ў адной з гутарак з жонкай неяк заявіў (гэта было пасьля таго, як мяне ўжо звольнілі, пасьля таго, як на мяне вылілі шмат бруду на тэлебачаньні, радыё, праз газэты) : “Пагутары з сваім мужам. Ну што ён там робіць? Што ён зробіць супраць таго, што ў нас адбываецца? Усё адно нічога ім не ўдасца зрабіць. Хай вяртаецца ў Беларусь”. Цікава, што ж яны зьбіраліся зрабіць, калі б я вярнуўся?”